Грыбаўскайтэ назвала Беларускую АЭС геапалітычным праектам Расіі

Беларуская АЭС каля Астраўца з'яўляецца геапалітычным праектам Расіі накіраваным супраць Літвы. З такой заявай выступіла прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ.

"Гэты праект, БАЭС, я лічу расійскім геапалітычным праектам, нядобразычліва накіраваным супраць Літвы. Магчымасць шантажаваць і аказваць ціск на Літву, перашкаджаць яе сінхранізацыі з Захадам", — цытуе ru.delfi.lt словы Грыбаўскайтэ. 

На яе думку, Літва павінна ўсімі магчымымі сродкамі спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС і абараняць свой рынак ад электраэнергіі з гэтай станцыі. Прэзідэнт Літвы лічыць неабходным зрабіць усё магчымае, каб праект Беларускай АЭС быў эканамічна нявыгадным, названы шкоднасным і накіраваным супраць Літвы.

Як вядома, будаўніцтвам Беларускай АЭС займаецца расійская карапарацыя "Расатам". Станцыя размешчаная каля беларуска-літоўскай мяжы, за 50 кіламетраў ад Вільні. Літоўскі ўрад мяркуе, што пры будаўніцтве АЭС не захоўваюцца стандарты бяспекі. У сваю чаргу, Беларусь адхіляе ўсе гэтыя прэтэнзіі і заяўляе пра самыя высокія стандарты бяспекі на АЭС.