Грыбаўскайтэ: Мы адчуваем адказнасць за краіны Усходняга партнёрства

Такое пажаданне Даля Грыбаўскайтэ выказала падчас выступу на Форуме грамадзянскай супольнасці, які праходзіць у Вільні паралельна з форумам Усходняга партнёрства.



Даля Грыбаўскайтэ: “Мы адчуваем сваю адказнасць за краіны Усходняга партнёрства, мы хочам самага разнастайнага супрацоўніцтва паміж краінамі Усходняга партнёрства і Еўрапейскага саюза. Найперш, мы хочам супрацоўнічаць у сферы гандлю, сферы кіравання межамі, ахове навакольнага асяроддзя і ў іншых сферах. Але самае галоўнае — міжчалавечыя, міжасабовыя зносіны. Апроч таго, я заклікаю нашых партнёраў працягваць рэформы, ствараць добра кансалідаваныя і інстытуцыйна пабудаваныя грамадзянскія супольніцтвы”.



Па словах прэзідэнта Літвы, Еўрасаюз сёння хоча праводзіць канкрэтныя дзеянні ў дачыненні да краін Усходняга партнёрства, а не проста прыгожа пра нешта размаўляць.



Якія канкрэтна дзеянні чакае ЕС ад краін-партнёраў удзельнікам форума з Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Арменіі ды Азербайджана патлумачыў еўракамісар Штэфан Фюле.



Штэфан Фюле: “Наша мэта ў Еўрапейскім партнёрстве — каб свабодныя і справядлівыя выбары ўспрымаліся як нешта звыклае, каб людзі адчувалі, што яны ўплываюць на тых, хто імі кіруе, каб улады паважалі волю народа і існавала прававая дзяржава. Каб крымінальнае заканадаўства не знаходзілася пад уплывам палітыкі і каб палітзняволеныя былі справай мінулага дня”.



Што да крокаў з боку ЕС, то Фюле паведаміў, што, напрыклад, 27 лістапада Еўракамісія прапанавала адмяніць шэнгенскія візы для Малдовы. Гэтая прапанова сёння абмяркоўваецца ў Еўрапарламенце і ў Еўрапейскім савеце. Гэта вынік паспяховага выканання Малдовай усіх патрабаванняў на шляху да асацыяцыі з ЕС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі