Грузія адмаўляецца ад поліэтыленавых пакетаў. Ад усіх. Цалкам

Фота: Леван Мікадзэ/JAMnews
Фота: Леван Мікадзэ/JAMnews

З 1 кастрычніка ў Грузіі ўводзіцца забарона на вытворчасць, выкарыстанне і імпарт поліэтыленавых пакетаў.

Першапачаткова пад забарону трапяць тонкія, так званыя аднаразовыя пакеты (танчэй за 15 мікрон — 0,15 мм).

А з 1 красавіка 2019 года забарона распаўсюдзіцца на поліэтыленавыя пакеты любой таўшчыні.

На грузінскім рынку аднаразовыя пакеты складаюць прыкладна 40 адсоткаў ад агульнай колькасці поліэтыленавых пакетаў. Адпаведна, ужо з 1 кастрычніка выкарыстанне такіх пакетаў у Грузіі будзе скарочана. Грузія стане першай дзяржавай рэгіёну, дзе будзе забаронена выкарыстанне поліэтыленавых пакетаў.

 

Што азначае забарона?

14 верасня 2018 года у Заканадаўчым вестніку Грузии была абнародаваная ўрадавая пастанова № 472, тэхнічны рэгламент — аб парадку рэгуляцыі пластыкавых і біяраскладальных пакетаў.

У пастанове гаворыцца, што з кастрычніка на тэрыторыі Грузіі дапускаецца выкарыстанне толькі біяраскладальных і кампаставаных пакетаў, як і іх вытворчасць, імпарт і рэалізацыя.

У дакуменце, падпісаным прэм'ер-міністрам Грузіі Мамукам Бахтадзэ, гаворыцца, што мэта дадзенай рэгуляцыі — "скарачэнне шкоды, якая наносіцца пластыкавымі пакетамі навакольнаму асяроддзю і здароўю чалавека".

Калі нават не браць пад увагу шкоду навакольнаму асяроддзю, то прыняцце гэтай рэгуляцыі закладзена ў дамове аб асацыяцыі Грузіі і Еўрасаюза (ЕС). Грузія паэтапна павінна прывесці сваё заканадаўства ў адпаведнасць з еўрапейскім.

 

Што калі працягнуць вытворчасць поліэтыленавых пакетаў і іх выкарыстанне ў гандлёвай сетцы?

Парушальнікам закону пагражае грашовы штраф. Вытворчасць забароненых пакетаў, іх імпарт з 1 кастрычніка будуць карацца штрафам у 500 лары. Пры паўторным парушэнні сума штрафу ўзрасце ўдвая і складзе 1000 лары. Адпаведныя папраўкі ўжо ўнесеныя ў адміністрацыйны кодэкс.

 

Што рабіць з ужо наяўнымі пакетамі? Іх выкарыстанне таксама караецца штрафам?

Не, штрафы ўводзяцца толькі ў дачыненні да вытворцаў пакетаў, іх імпарцёраў і рэалізатараў. Шараговыя грамадзяне, у якіх ёсць поліэтыленавыя пакеты, штрафавацца не будуць. А вось новыя пакеты купляць яны не змогуць. У крамах таксама будзе забаронена практыка прадастаўлення бясплатных пакетаў.

 

На каго ускладзены кантроль за выкананнем новага закону?

Кантралюючыя функцыі размеркаваныя адразу паміж некалькімі ведамствамі.

Вытворцы пакетаў апынуцца пад кантролем Дэпартамента абароны навакольнага асяроддзя Міністэрства навакольнага асяроддзя і сельскай гаспадаркі Грузіі;

Імпарцёраў пакетаў пад "апеку" возьме Міністэрстваў фінансаў;

Рэалізатары пакетаў (крамы, аптэкі і г. д.) будуць мець справу з органамі мясцовага самакіравання.

 

Поліэтыленавыя пакеты экспартуюцца з Грузіі. Як зменіцца гэтая сфера?

Большая частка тых поліэтыленавых пакетаў, якія выкарыстоўваюцца ў Грузіі, імпартуецца. У 2017 годзе Грузія набыла пакетаў на 3,2 мільёны долараў. Аналагічны максімальны паказчык быў зафіксаваны ў 2013 годзе і склаў 5,6 мільёнаў долараў.

Але Грузія не толькі імпартуе, але і экспартуе поліэтыленавыя пакеты. Напрыклад, у 2017 годзе з краіны было вывезена пакетаў на 404 тысячы долараў.

З 1 кастрычніка 2018 года ў Грузіі будзе спынена вытворчасць тонкіх пакетаў (таўшчынёй менш за 0,15 мм). Такім чынам, спыніцца і іх экспарт. А з 1 красавіка 2019 года гэткая ж доля напаткае ўсе поліэтыленавыя пакеты.

 

Як адрозніць біяраскладальныя пакеты ад іншых?

Паводле новага закону, на біяраскладальныя пакеты павінна быць нанесеная наступная інфармацыя: вытворца пластыкавага пакета; таўшчыня пластыка; склад пластыка. Павінен таксама прысутнічаць абавязковы надпіс: "біяраскладальны кампастуемы пакет". Але гэты надпіс будзе наносіцца толькі пасля праверкі адпаведнымі органамі і на падставе іх заключэння.

Візуальна біяраскладальны пакет не вельмі адрозніваецца ад звычайнага.

Некаторыя гандлёвыя сеткі ў Грузіі, напрыклад, "Гудвіл", "Нікора" і некалькі супермаркетаў ўжо досыць даўно выкарыстоўваюць біяраскладальныя пакеты. Пакупнікі часцяком скардзяцца на нізкую якасць гэтых пакетаў: біяраскладальныя пакеты сапраўды менш трывалыя за звычайныя. Перавага ж іх у тым, што яны ў прыродных умовах раскладаюцца за 3-6 месяцаў, а за 12-24 месяцаў цалкам знікаюць.

У Грузіі выкарыстоўваецца шмат пакетаў?

Вельмі шмат! Па дадзеных Цэнтра адукацыі і абароны навакольнага асяроддзя, за год адзін жыхар Грузіі выкарыстоўвае 525 пластыкавых пакетаў. Гэты паказчык расце з года ў год і значна перавышае аналагічныя паказчыкі еўрапейскіх дзяржаў. Напрыклад, у Ірландыі і Даніі кожны жыхар выкарыстоўвае ў год 14 пластыкавых пакетаў.

Асаблівая любоў да пластыкавых пакетаў у Грузіі заўважная няўзброеным вокам. Напрыклад, пры куплі ў аптэцы трох таблетак іх абавязкова пакладуць у тонкі поліэтыленавы пакецік. Выкарыстанне пластыкавых пакетаў у гандлёвых сетках у Грузіі лічыцца правілам добрага тону і праявай увагі да пакупніка.

Хаця ў апошні час некаторыя аптэкі і крамы змянілі падыход, пачаўшы выкарыстоўваць біяраскладальныя або папяровыя пакеты.

Найлепшай альтэрнатывай пластыкавым пакетам лічацца торбы з трывалых і лёгкіх матэрыялаў, хоць у Грузіі мала людзей, якія ходзяць па прадукты са сваімі торбамі.

 

Ці сапраўды пластыкавыя пакеты шкодныя для навакольнага асяроддзя?

Поліэтыленавыя пакеты з-за свайго хімічнага складу раскладаюцца з цяжкасцю. На іх разбурэнне ў натуральных умовах сыходзяць сотні гадоў. Аднаразовыя пакеты, як правіла, выкідаюцца пасля выкарыстання. Яны трапляюць у навакольнае асяроддзе, забруджваюць глебу і ваду.

У Грузіі ўсё яшчэ не наладжаная паўнавартасная перапрацоўка рэштак поліэтыленавых пакетаў. Іх, дарэчы, нельга спальваць, таму што яны не згараюць цалкам і пры гарэнні вылучаюць небяспечныя рэчывы.

Вытворчасць пластыка ў свеце пачалася ўсяго 60-70 гадоў таму. За гэты час агулам было выраблена 8,3 мільярдаў тон пластмасы, што можна параўнаць з агульнай вагой прыкладна мільярда сланоў.

Спецыяліст па прамысловай экалогіі Каліфарнійскага універсітэта, прафесар Раланд Грэер пішашто большая частка гэтых 8,3 мільярдаў тон пластыка працягвае існаванне ў той ці іншай форме — напрыклад, 6,3 мільярды тон ператварыліся ў смецце, якое да гэтага не знішчана і працягвае шкодзіць навакольнаму асяроддзю.

Грэер у сваім даследаванні сцвярджаў, што амаль палову ўсёй гэтай пластмасы свет вырабіў на працягу апошніх 14 гадоў, і калі вытворчасць пластыка будзе працягвацца ў тым жа тэмпе, то да 2015 года сусветны акіян папоўніцца яшчэ 12 тонамі пластыка.

 

Біяраскладальныя пакеты — выйсце са становішча?

Такія пакеты — не панацэя. Натуральна, яны раскладаюцца куды хутчэй за звычайныя пакеты. Але хуткасць раскладання залежыць ад тэмпературы навакольнага асяроддзя: узімку, у холадзе працэс разлажэння моцна запавольваецца.

І папяровыя пакеты не вырашаюць праблему цалкам. Іх вытворчасць часцяком патрабуе больш часу і энергіі, чым выраб пластыкавых пакетаў. Плюс жа ў тым, што папяровы пакет раскладаецца хутка і амаль бясследна.

Найлепшым  выйсцем бачацца сімпатычныя торбы з тканіны, якія выкарыстоўваюцца пры пакупках у крамах або на рынках. Некаторыя гандлёвыя аб'екты Грузіі ўжо прапануюць спажыўцам такія торбы, але культура іх выкарыстання яшчэ не выстаялася.

У цэлым, у краіне, пагружанай ў сур'ёзныя палітычныя і эканамічныя праблемы, экалагічная тэма толькі адносна нядаўна была прызнаная вельмі актуальнай. Таму сітуацыя з навакольным асяроддзем пагаршаецца яшчэ і з-за невысокай экалагічнай інфармаванасці насельніцтва.

 

JAMnews

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі