Вы тут

Гродзенскую "справу аб пікеце з гномікам" вярнулі на дапрацоўку ў міліцыю

Юрый Яраш з жонкай на судзе / s13.ru

9 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна прайшло чарговае пасяджэнне па "справе аб пікеце з гномікам", які стаяў у акне кватэры. 

Сёння павінны былі заслухаць сведку — суседку абвінавачанага Юрыя Яраша. Аднак і сам Яраш, і суседка на суд не паспелі: перад іх машынай расчышчалі дарогу, яны затрымаліся ў заторы, пра што папярэдзілі сакратара суда. 

Падтрымаць фігуранта прыйшлі каля 10 чалавек, але ў залу іх не пусцілі, піша TUT.by. Ім заявілі, быццам суд ужо пачаўся. Трапіць змагла толькі адна жанчына. У яе прысутнасці суддзя Валерый Шпак абвясціў, што справа адпраўляецца на дапрацоўку ў РАУС.

Як распавядала Еўрарадыё, Юрыя Яраша судзяць за "несанкцыянаваны пікет": у акне яго кватэры на першым паверсе пабачылі гноміка з бел-чырвона-белым сцяжком. 

Фатазыдмак гноміка зрабіла Вольга Бондарава, якая вучылася ў адным класе з жонкай Яраша. Бондарава актыўна ўдзельнічае ў праўладных аўтапрабегах і зафарбоўвае БЧБ-сімволіку на вуліцах горада. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.