Вы тут

У Гродне пачаўся суд па справе гноміка з БЧБ-сцяжком

Той самы гномік / s13.ru

У Гродне пачаўся суд па справе... гноміка з БЧБ-сцяжком. Гаспадара кватэры Юрыя Яраша, у акне якога стаяла цацка, абвінавачваюць у "адзіночным пікеце". Фота гноміка зрабіла праўладная актывістка Вольга Бондарава. Далей — пратакол і суд. Як паведамляе s13.ru, справу разглядае суд Кастрычніцкага раёна, суддзя — Валерый Шпак.

Яраш сказаў у судзе, што вокны кватэры (яна знаходзіцца на першым паверсе) заўсёды ўпрыгожваюцца казачнымі персанажамі, і гэта падабаецца дзецям, што гуляюць каля дома. Высвятляецца, што жонка мужчыны — аднакласніца Бондаравай. Яна пабачыла, што акно хтосьці здымае і выйшла на вуліцу, павіталася з ёй.

Вольга Бондарава з'ехала на ровары, а пасля з'явіліся міліцыянеры. Яны ўзялі тлумачэнне наконт гноміка ў акне, а праз некалькі дзён быў складзены пратакол: "...на акне выставіў для агульнага агляду і публічнай дэманстрацыі дэкаратыўнага гнома са сцягам бел-чырвона-белага колеру, тым самым правёў адзіночны пікет".

Юрый Яраш прадэманстраваў суддзі невялікі БЧБ-сцяжок, памерам некалькі сантыметраў, які быў у руках у гноміка. Шпака цікавіла, дзе цацку купілі і адкуль з'явіўся сцяжок. Але мужчына не ўспомніў.

Суд працягнецца ў аўторак.

Юрый Яраш у судзе / s13.ru
Гномік са сцягам / s13.ru

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.