Вы тут

Гродзенскага каардынатара ініцыятыўнай групы Ціханоўскай шукае міліцыя

Зміцер Фурманаў / racyja.com

20 траўня міліцыянты шукалі гродзенца Змітра Фурманава — каардынатара ініцыятыўнай групы прэтэндэнткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

Фурманаў кажа, што яго спрабуюць знайсці з 8 траўня. Тады па ўсёй краіне адбыліся масавыя затрыманні прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага.

"Яны спрабавалі мяне таксама 8-га злавіць, потым пару сутак пад дзвярыма дзяжурылі", — перадае "Белсат" яго словы.

Увечары 20 траўня, па словах Фурманава, яму тэлефанаваў мужчына, які назваўся участковым інспектарам Гурыным з Кастрычніцкага РУУС Гродна. Ён паведаміў, што на актывіста пачалі адміністратыўную справу за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, і запрасіў на гутарку.

Фурманаў запатрабаваў, каб у міліцыю яго выклікалі пісьмовай позвай.

Пазней каля дома актывіста зноў з’явіліся міліцыянты. Таму бліжэйшым часам Фурманаў не збіраецца пакідаць кватэру, асцерагаючыся, што яго затрымаюць. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.