Грамадскія абмеркаванні генплана Мінска: Што знясуць, а што пабудуюць
![Грамадскія абмеркаванні генплана Мінска: Што знясуць, а што пабудуюць](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/wp_20151015_14_01_45_pro1.jpg.webp?itok=wo5vMn78)
Будынак прадпрыемства “Мінскград” штодзень наведваюць дзясяткі мінчан – да 5 лістапада тут з 14.00 адбываюцца грамадскія абмеркаванні новага Генплана Мінска. Негледзячы на тое, што архітэктары горада прэзентавалі будучую транспартную забудову, размеркавалі зоны адпачынкаў, улічваючы экалагічны стан горада, галоўнае пытанне, якое задаюць мінчукі – “Ці будуць зносіць мой дом?”
На сустрэчу прыходзяць спецыялісты “Мінскграда”, а таксама жыхары сядзібных участкаў.
“У нас вуліца Лібава−Роменская. Нас амаль не прадалі інвестару, але потым ён ад нас адмовіўся. Нас ці забіце, ці дайце жыць!”, − жыхары дамоў на вуліцы Лібава−Роменскай, што знаходзіцца ў цэнтры сталіцы, хочуць дабіцца, ці будуць знесеныя іх дамы і калі. Жыхары прыходзяць на сустрэчу не першы дзень – раней з−за наплыву яны не змаглі задаць пытанні. Галоўны архітэктар “Мінскграда” Зоя Забароўская з адной назвы вуліцы прыпамінае, як выглядаюць дамы, дзе дом згарэў, а дзе - пад офіс. Яна абяцае хуткую сустрэчу з жыхарамі вуліцы на грамадскія абмеркаванні забудовы раёна. Папярэджвае: будуць зносіць і вельмі хутка.
![Грамадскія абмеркаванні генплана Мінска: Што знясуць, а што пабудуюць](/sites/default/files/paragraphs/image/wp20151015142153pro.jpg)
“Дом на вуліцы Украінскай, 25. Некалькі дамоў знеслі і ўсё. Нас будуць зносіць?” − яшчэ адное пытанне ад мінчанкі. Яна не мае аніякіх уведамленняў, але на схеме змяненняў тэрыторыі сядзібных участкаў на 1964−2030 год яе дом падпадае пад знос.
“Украінская, 25… Гэта асабліва каштоўная зона горада. Вы ідзяце пад знос, але калі, дакладна не скажу – у раёне (адміністрацыі раёна – заўвага Еўрарадыё) дакладна будуць ведаць. Але зноў жа – за ручку інвестараў я не ваджу”, − кажа Зоя Забароўская.
Каб распавесці, як прыкладна будзе развівацца горад і дзе будуць зносіцца прыватныя дамы, архітэктар паказвае прыкладную схему зносу дамоў – тут адлюстраваны знос і зберажэнне тэрыторыі з 1964 года і да 2030 (гл. фота)
![Грамадскія абмеркаванні генплана Мінска: Што знясуць, а што пабудуюць](/sites/default/files/paragraphs/image/wp20151015141053pro.jpg)
“Вось гэтыя дамы будуць знесеныя, а гэтыя, пазначаныя жоўтым, будуць захаваны”, − кажа спецыяліст.
Гляджу схему і разумею, што прысядзібная забудова ў раёне Драздоў, Даўгабродскай будзе захаваная, а прыватныя дамы на Аўтазаводзе 100% пойдуць пад знос да 2030 года.
![Грамадскія абмеркаванні генплана Мінска: Што знясуць, а што пабудуюць](/sites/default/files/paragraphs/image/wp20151015140738pro.jpg)
Прапановы, а больш скаргі, жыхары пакідаюць у кнізе прапаноў:
“Катэгарычна супраць зносу сядзібнага ўчастка ў Сельгаспасёлку. Мы дарослыя, вучым дзяцей не разбураць гнёзды птушак, а самі разбураем радавыя гнёзды людзей, нажываючы ворагаў, растоптваючы лепшае ў жыцці. Наш сябра ў 50 гадоў заплаціў жыццём за знос свайго катэджа ў раёне вуліцы Маякоўскага, дзе будуюць пенаты невядома для каго!”, - такія паэтычныя скаргі пішуць людзі ў кнізе прапаноў.
“Прашу перагледзець у Генплане праект забудовы зялёных зон – не будуйце на парках горада! Не ператварайце Мінск у мегаполіс, у другую Маскву!”
“Мой дом ідзе пад знос, але інвестара няма. Што далей?” – такія пытанні агучваюць людзі ў кнізе скаргаў і прапаноў.
Такіх скаргаў зашмат – людзі дзесяцігоддзямі чакаюць зносу дамоў, не могуць паклеіць шпалеры ці зрабіць прыбудову, каб размясціць усіх членаў сям'і. Але не могуць атрымаць пытанне, ці будзе знесены іх дом!
![Грамадскія абмеркаванні генплана Мінска: Што знясуць, а што пабудуюць](/sites/default/files/paragraphs/image/wp20151015143222pro.jpg)
Што будзе на месцы будынка музея Вялікай Айчыннай вайны?
Будынак музея Вялікай Айчыннай вайны, нагадаем, пачалі зносіць, не прыбраўшы партрэты герояў вайны. Партрэты віселі на будынку ў той час, калі бульдозеры пачалі рушыць сцены.
Галоўны архітэктар Аляксандр Акеньцьеў кажа, што ў Мінгарвыканкаме ляжцыць маса праектаў. Зараз задача - добраўпарадкаваць месца будынка, каб яно не пагражала людзям. А што будзе на месцы музея - не вядома.
Зараз у Мінску жыве каля 72 тысяч мінчукоў у прыватных дамах.
“70% забудовы мы зберагаем. Але над 20 тысячамі жыхароў пагроза зносу ў бліжэйшыя гады навісае”, − кажа Аляксандр Акеньцьеў. Ён выступае за тое, каб перагледзець сістэму кампенсацыі ды арганізацыю зносу дамоў. Тады мінчукі будуць адносіцца да зносу дамоў больш мякка.
“Вастрыню і боль, з якімі да нас прыходзяць мінчукі, немагчыма перадаць. Я сам сабе задаю гэтае пытанне, мы вельмі балюча рэагуем на ўсе гэтыя зносы”.