Гомельскі суд аштрафаваў абаронцу Курапатаў за "непадпарадкаванне міліцыі"

Гомельскі суд аштрафаваў абаронцу Курапатаў за "непадпарадкаванне міліцыі"

2 жніўня ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля разглядалася адміністрацыйная справа Барыса Анікеева, які ўдзельнічаў у абароне Курапатаў. Суддзя Яўген Шаршнёў аштрафаваў яго на 196 рублёў — 8 базавых велічыняў) за непадпарадкаванне міліцыі, перадае Радыё "Свабода".

У пратаколе паведамлялася, што 14 ліпеня Анікееў каля рэстарана "Поедем поедим" стаяў на праезнай частцы і не рэагаваў на патрабаванні міліцыянтаў сысці з дарогі. Гэта і было ацэнена як непадпарадкаванне міліцыі.

Анікееў сваю віну не прызнаў. На судзе ён заявіў, што для яго Курапаты — месца, пахаваныя нявінна забітыя людзі. "Там няма праезнай часткі — яна не можа быць на магілах, а я стаяў на брукаванц", — сказаў мужчына. Ён прызнаў, што сапраўды не прапускаў аўтамабіль Ford і хацеў, каб з кіроўцам разабралася міліцыя, бо аўто заехала на тэрыторыю рэстарана праз зялёную зону.

Потым, як кажа Анікееў, на пікетоўцаў каля рэстарана напала ахова. Міліцыя ніяк не рэагавала на збіццё пратэстоўцаў. "Чаму вінаватыя ў бойцы, у якой нам парвалі футболкі, жанчынам пабілі акуляры, не прыцягнутыя да адказнасці?" — рытарычна запытаўся актывіст.

На судзе доказам вінаватасці Анікеева сталі паказваць відэазапіс, зроблены міліцыяй. Але на відэа апынуўся момант, калі міліцыя складае пратакол на іншага абаронцу Курапатаў — Дзяніса Убрановіча.

Таксама былі дададзеныя паказанні сведкаў — уладальніка рэстарана "Поедем поедим" Леаніда Зайдэса і дырэктаркі Святланы Дубцовай. Яны напісалі ў суд, што не могуць прысутнічаць на пасяджэнні: Зайдэс — "праз занятасць", Дубцова — "бо знаходзіцца па-за межамі Беларусі".

Барыс Анікееў плануе абскарджваць судовую пастанову.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі