Голыя хуліганы ледзьве не загасілі Вечны агонь

Як паведаміла "Еўрапейскаму радыё для Беларусі" прэс-служба ГУУС, у чацвер былі затрыманыя тры жыхары Цнянкі, якія мінулай ноччу спрабавалі загасіць Вечны агонь.
Якім чынам хуліганы гасілі агонь, міліцыя замоўчвае з этычных меркаванняў, тым больш што агонь не згас.

“9 жніўня ў 14.00 супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Партызанскага РАУС па месцы жыхарства былі затрыманыя тры беспрацоўныя жыхары вёскі Цнянка, самаму старэйшаму з якіх 21 год. У 4.30 раніцы, будучы п’янымі, маладыя людзі спрабавалі загасіць Вечны агонь ля манумента Перамогі”.

Прэс-афіцэр першага РАУС Партызанскага раёна Андрэй Гоманаў адзначыў, што здзейсніць свой “подзвіг” яны хацелі ў голым выглядзе:

Гоманаў: “Хуліганства было ў тым, што яны распрануліся ў грамадскім месцы і такім чынам хацелі загасіць агонь”.

Прычыны, якія прымусілі маладых людзей здзейсніць падобны “гераічны” акт, невядомыя. Самі затрыманыя гавораць, што нічога не памятаюць, бо вельмі шмат тады выпілі. Цікава, што потым яны селі ў машыну і паехалі сабе дахаты:

“Яны нічога не тлумачаць, гавораць, што не памятаюць нічога, бо былі п’яныя”.

Затрымалі юных вандалаў дзякуючы таму, што сведкі запомнілі нумар іх машыны. Зараз у адносінах да затрыманых праводзіцца следства.

Гоманаў: “Зараз яны затрыманыя, і распачатая крымінальная справа па артыкуле 339”.

Следства можа скончыцца для хлапцоў непрыемна: “Здавалася б, бяскрыўднае хуліганства, а ў выніку ім можа пагражаць да 6 гадоў пазбаўлення волі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі