Гісторыя ФК “Крумкачы”: гулялі, ішлі на піва, трапілі ў вышэйшую лігу…

Гісторыя ФК “Крумкачы”: гулялі, ішлі на піва, трапілі ў вышэйшую лігу…

Выхад ФК “Крумкачы” ў вышэйшую лігу сёння абмяркоўваюць больш, чым гульні “Дынама-Мінск” у Лізе Еўропы.

За што паўаматарскаму футбольнаму клубу надалі такую ўвагу?

Каманду стварылі на інтэрнэт-форуме

Праект “Крумкачоў” нарадзіўся на інтрэнэт-форуме газеты “Прессбол” у 2011-м годзе. Звычайныя заўзятары вырашылі аб’яднацца ў аматарскую каманду, у якой спачатку не было і 11 чалавек. Гулялі ў першынстве Мінска, а пасля матчаў ішлі на піва.

Гісторыя ФК “Крумкачы”: гулялі, ішлі на піва, трапілі ў вышэйшую лігу…

Каманда аб’яднала цікаўных і патрыятычных людзей. Хлопцы залезлі ў слоўнікі і выбралі беларускамоўную назву “Крумкачы”. Пагуляўшы ў першынстве Мінска, каманда вырашыла, што можа пазмагацца і ў другой лізе чэмпіянату Беларусі, куды паспяхова заявілася. І правільна зрабіла.

Афіцыйна ФК “Крумкачы” з'явіўся ў сакавіку 2014-га года. Дакументы на сябе аформілі самі футбалісты-аматары — Дзяніс Шунто, Ўладзіслаў Маяроўскі і Васіль Глезаў. Яны ж узялі на сябе фінансавыя выдаткі. Пасля матчаў гульцы збіраліся на пасядзелкі за куфлем півам.

Каманда ўдала піярылася, яе адміністратары дэманстравалі кемлівасць і ўменне весці справы.

Пра амбітны клуб раз-пораз выказваліся і знакамітасці. Так, у 2014-м годзе вядомы беларускі футбаліст Сяргей Гурэнка, які дапамагаў мінскаму “Партызану”, асудзіў “Крумкачоў” за тое, што забілі гол у абыход прынцыпу фэйр-плэй:

“Гэта бабы ў спадніцах, істоты без яйцаў. У жанчын і тое ёсць характар, а ў гэтых няма”.

Але, нягледзячы на скептыцызм, “Крумкачы” перамагалі і выйшлі ў першую лігу.

Гісторыя ФК “Крумкачы”: гулялі, ішлі на піва, трапілі ў вышэйшую лігу…

Да каманды падцягнуўся хакеіст НХЛ Грабоўскі і спісаныя з рахункаў прафесіяналы

“У сярэдзіне 2014-га года мы з банкетамі завязалі. П’янкі скончыліся, пачалі гуляць у футбол і пераўтварыліся ў прафесійную каманду”, — кажа сённяшні кіраўнік клуба Дзяніс Шунто. Сам ён перастаў выходзіць на поле і заняўся адміністрацыйнымі пытаннямі.

Сам Шунто, які займаецца бізнесам, выдаткоўваў на “Крумкачоў” уласныя грошы. Сузаснавальнік Васіль Гезгалаў, які займаецца турыстычным бізнэсам, забяспечваў каманду транспартам.

Футбалісты спачатку шлі на працу, як многія звычайныя беларусы, потым наведвалі трэніроўкі. У складзе “Крумкачоў” ёсць і кіроўцы, і гандляры, і рознарабочыя.

У якасці відэааператара ў каманду прыйшоў Яўген Касцюкевіч, які ў юніёрскім узросце гуляў у сістэме “Тарпеда-Жодзіна”. Гульца ў свой час спісалі з-за праблем з сэрцам. Скончылася тым, што Касцюкевіча паставілі на браму, і той добра загуляў.

У склад пачалі падцягвацца і іншыя прафесіяналы, якіх з вялікага спорту спісалі. Напрыклад, гэта Сяргей Кошаль, які гуляў за ФК “Мінск” і аднойчы выклікаўся ў нацыянальную зборную.

Падцягнуўся і ветэран Сяргей Кавальчук (сёння яму 37), які калісьці тройчы выклікаўся ў нацыяналку.

У 2015-м годзе каманду амаль на голым энтузіязме пачаў трэніраваць Алег Дулуб, які раней уваходзіў у трэнерскія штабы “Тарпеда-Жодзіна”, “Мінска”, сталічнага “Дынама”, гродзенскага “Нёмана” ды “Віцебска”.

Дарэчы, ў 2014 годзе за “Крумкачоў” заявіўся бадай наймацнейшы беларускі хакеіст Міхаіл Грабоўскі (у той час у НХЛ была міжсезонка).

 

Гісторыя ФК “Крумкачы”: гулялі, ішлі на піва, трапілі ў вышэйшую лігу…
Хакеіст НХЛ Міхаіл Грабоўскі ў складзе "Крумкачоў".

Гуляюць амаль за бясплатна

Бюджэт “Крумкачоў” на сёлетні сезон склаў усяго сто тысяч долараў. Каманда ўвогуле не праходзіла перадсезонныя зборы. Футбалістам плацілі максімум 3 мільёны ў месяц і 1,5 мільёна за перамогу.

Але і пры такіх умовах клуб прабраўся на верхавіну турнірнай табліцы. 15 лістапада пасля перамогі над магілёўскім “Дняпром” паўаматарскі калектыў сенсацыйна выйшаў у вышэйшую лігу чэмпіянату краіны.

“Як бачыце, прадаўцы, будаўнікі зрабілі немагчымае”, — так сцісла апісаў подзвіг “Крумкачоў” Раман Гаеў, гулец каманды.

Якім чынам каманда заявіцца ў вышэйшую лігу, пакуль незразумела. Але па колькасці заўзятараў “Крумкачам” пазайздросціць большасць клубаў вышэйшай лігі.

Унікальная футбольная каманда не на жарт падагравае інтарэс да ўсяго беларускага футбола.

Фота з сацсеткі ФК "Крумкачы" і з fcisloch.by. У тэксце выкарыстаны цытаты з сайту svaboda.org і з праграмы тэлеканалу "Мінск TV". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі