Гігін: Папярэдні разгляд маёй скаргі зойме каля трох месяцаў

Скарга галоўнага рэдактара часопіса “Беларуская думка” Вадзіма Гігіна прынятая да разгляду Еўрапейскім судом па правах чалавека на прыймальнасць. Нагадаем, ён патрапіў у "чорны спіс" Еўрасаюза і не можа патрапіць на тэрыторыю краін ЕС. Нядаўна невыязны Гігін атрымаў ліст з суда.

Гігін: “Любая юрыдычная працэдура вельмі марудная, тым больш — судовая. Яшчэ 28 сакавіка я падаў гэтую скаргу і дзесьці напрыканцы чэрвеня суд накіраваў мне адказ, я яго атрымаў у пачатку ліпеня. Адказ прыйшоў з сакратарыята Еўрапейскага суда па правах чалавека ў  Страсбургу і там напісана, што мая скарга прынятая і будзе разгляд яе далейшага лёсу. Там таксама ёсць падрабязныя індывідуальныя інструкцыі наконт таго, што мне трэба рабіць”.

Еўрарадыё: Як вы мяркуеце, калі гэтая скарга будзе разглядацца?

Гігін: “Там спачатку павінны прайсці пэўныя працэдуры папярэдняга разгляду, аб якіх мне будуць паведамляць, будзе адбывацца пэўная перапіска, пра гэта таксама ў лісце сказана. Наколькі я ведаю, гэтая працэдура ў судзе займае даволі працяглы час. Дакладна зойме недзе тры месяцы”.

Еўрарадыё: Спадзеяцеся выйграць справу?

Гігін: “Я ў сваёй пазіцыі ўпэўнены і гэтую маю пазіцыю падтрымоўвае тая пазіцыя, якую займаюць еўрапейскія дыпламаты. Напрыклад, той скандал, што адбыўся не так даўно. Мы атрымалі запрашэнне ад намесніка МЗС Літвы прыняць удзел у канферэнцыі журналістаў у Вільнюсе, і потым было адмоўлена ў візе пасольствам Літвы ў Мінску. Было канкрэтна напісана, што адмоўлена ў сувязі з забаронай на ўезд, якая была прынята Саветам ЕС. Але потым МЗС Літвы распаўсюдзіў непраўдзівую інфармацыю, што мы позна падалі дакументы. Такая нейкая крывадушная палітыка, якую займаюць і еўрапейскія чыноўнікі, яна яшчэ адзін раз паказвае, што наша пазіцыя зусім абгрунтаваная і правільная”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі