Гэта павінна быць без пафасу: параалімпійская чэмпіёнка — пра гомельскі пандус

Это должно быть без пафоса: паралимпийская чемпионка — о гомельском пандусе

— Усё гэта павінна рабіцца без свята, без лішняга пафасу. Гэта проста павінна быць, — так параалімпійская чэмпіёнка Людміла Ваўчок каментуе ўрачыстае адкрыццё пандуса за паліклінікай у Гомелі. Дэпутат Аляксандр Данчанка пераразае стужку, гэта здымаюць журналісты. Толькі вось вакол пандуса — бардзюры і лужыны.

Падзея справакавала велізарны ажыятаж. Здаецца, нават большы, чым чакалі чыноўнікі. Праўда, гаворка не пра хвалі ўдзячнасці. Расійскі блогер-урбаніст Ілья Варламаў звярнуў увагу беларускіх уладаў, што пандус, таксама як і навес для калясак, — норма жыцця, а не нейкае выдатнае дасягненне.

— Ніхто не спрачаецца, што трэба ствараць умовы для камфортнага знаходжання пацыентаў у медыцынскіх установах, вось толькі не трэба з шараговых падзей ладзіць шоу,піша Варламаў. І параўноўвае тое, што адбылося ў Гомелі, з "вялікімі адкрыццямі", якія час ад часу здараюцца ў Расіі.

Сюжэт пра адкрыццё прыпынку ў Расіі

— Калі я сама сутыкнулася з падобнай праблемай, дырэктар медцэнтра сказаў мне: шукайце спосаб, спонсара, каб сваімі сіламі ўсталяваць гэты пандус. А калі праз пяць гадоў яго нарэшце ўсталявалі, я бачыла, як матуля з каляскай падымалася і казала: як выдатна, чаму раней не было гэтага пандуса! — працягвае Людміла Ваўчок. — Гэта не толькі нам, калясачнікам, зручна, гэта трэба і каб груз прывезці ці нейкую цяжкую апаратуру падняць. Не кажучы ўжо пра чалавечае стаўленне да нас.
 

Хай чыноўнікі сядуць і праедуць

У Гомелі, адкрываючы пандус і "калясачную", прадстаўнікі ўладаў паабяцалі заняцца і добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол паліклінікі. Пакуль што справы там ідуць не вельмі.

Это должно быть без пафоса: паралимпийская чемпионка — о гомельском пандусе
Як выглядаюць наваколлі паліклінікі з новым пандусам / кадр з відэа тэлеканала "Беларусь 4"

— Ямы? Дрэнна, вядома. Каляскі ламаюцца, пачынаюць ногі торгацца ад таго, што па выбоінах даводзіцца ездзіць. Нават калі на машыне едзеш па ямах, гэта няўтульна, нас таксама патрэсвае, — кажа Людміла. Каб чыноўнікі маглі па-сапраўднаму ацаніць даступнасць асяроддзя ў беларускіх гарадах, яна рэкамендуе ім хоць бы ненадоўга перасесці на каляскі:

— Без жартаў, калі я працавала над сваёй магістарскай работай, высветліла, што ў ЗША праводзяцца такія мерапрыемствы. Чыноўнікі выязджаюць у горад на калясках і вывучаюць безбар'ернае асяроддзе такім чынам.

 

Адзін пандус праблемы не развязвае

Людміла — актыўная маладая жанчына, яе дачка займаецца балетам. Кожны раз, калі ў Доме афіцэраў у дзяўчынкі рэпетыцыя або выступленне, Людміле даводзіцца яшчэ на пад'ездзе разглядацца на бакі ў пошуках чалавека, які дапамог бы ёй забрацца па прыступках. Пандуса тут няма.

Это должно быть без пафоса: паралимпийская чемпионка — о гомельском пандусе
Людміла Ваўчок / nnd.name

— Снег хвастае, а ты глядзіш па баках — зноў трэба кагосьці папрасіць пра дапамогу. Што рабіла? Абарочвалася, глядзела, ці не ідзе хто. Ахоўнік там старэнькі зусім. Ён не зразумее, як мяне падняць, тут трэба тлумачыць чалавеку, як зрабіць гэта такім чынам, каб не пашкодзіць самому памагатаму, — успамінае Людміла толькі адзін з эпізодаў.

Каля Дома прафсаюзаў — тая самая праблема. Адным словам, кожны раз, выязджаючы ў горад, даводзіцца складаць у галаве складаны маршрут. Напрыклад, дабрацца ад "Мінск-Арэны" ў ГЦ "Арэна-сіці", які знаходзіцца праз дарогу, Людміла сабе дазволіць не можа. Пандусы ў падземным пераходзе ёсць, але настолькі крутыя, што забрацца па іх не можа нават падрыхтаваная спартсменка.

— Яшчэ адна праблема — мяне зганяюць з эскалатара. А аднойчы і зусім спынілі эскалатар праз тое, што я нібыта парушаю тэхніку бяспекі. Падбеглі ахоўнікі мяне ратаваць, зладзілі шоу. У выніку стала толькі небяспечней: не ведалі, за што мяне хапаць, за рукі ці за колы. Тлумачаць мне — тэхніка бяспекі! Але давайце тады наогул не будзем эскалатарамі карыстацца, будзем хадзіць пешшу.

Я ўпэўнена адчуваю сябе на эскалатары, чаму я павінна чакаць ліфта, які невядома калі прыйдзе?

У 2013 годзе Людмілу Ваўчок праз інвалідную каляску не пусцілі ў начны клуб. Такую сітуацыю няцяжка ўявіць сабе і сёння. І напэўна, сітуацыя не зменіцца, пакуль усталяванне пандуса будзе заставацца ў галовах чыноўнікаў незвычайнай падзеяй, вартай урачыстага адкрыцця.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі