Генпракуратура: у "антыэкстрэмісцкім законе" няма ні слова пра БЧБ-сімволіку

Генпракуратура: у "антыэкстрэмісцкім законе" няма ні слова пра БЧБ-сімволіку

У новым законе "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму" няма ні слова пра бел-чырвона-белую сімволіку і яе забарону. Пра гэта журналістам заявіў начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб дзяржаўнай бяспецы Генеральнай пракуратуры Валерый Шуляк. Па яго словах, экстрэмісцкай любую сімволіку можа прызнаць толькі суд.

"У любым законе выкладзеныя агульныя правілы, і якія-небудзь канкрэтныя сітуацыі, вядома ж, у законе не разглядаюцца. Гэта ў поўнай меры датычыць бел-чырвона-белай сімволікі і любой іншай. У законе вызначаюцца агульныя правілы прызнання той ці іншай сімволікі экстрэмісцкай", — перадае БЕЛТА словы супрацоўніка Генпракуратуры.

Разам тым Шуляк назваў і падставы для таго, каб сімволіка магла быць прызнаная экстрэмісцкай: "Калі коратка, яна можа быць прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі ў тым выпадку, калі выкарыстоўваецца для ўключэння ў экстрэмісцкую дзейнасць для прапаганды, для апраўдання экстрэмісцкай дзейнасці і да таго падобнае".

Ён падкрэсліў, што ў пракуратуры няма ніякіх спісаў будучых забаронаў. "Ніхто закон пад бел-чырвона-белую сімволіку не пісаў і не рэдагаваў. Усё гэта будзе разглядацца ў выпадку, калі праект будзе прыняты, на падставе звестак, якімі валодаюць суб'екты процідзеяння экстрэмізму". 

Законапраект аб супрацьдзеянні экстрэмізму паступіць у Палату прадстаўнікоў бліжэйшым часам.

На сёння нацыянальны гістарычны бел-чырвона-белы сцяг у Беларусі лічыцца незарэгістраванай сімволікай. За яго выкарыстанне судзяць як за незаконны пікет. Зрэшты, за выкарыстанне зарэгістраванага герба "Пагоня", унесенага ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, таксама судзяць як за пікет.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі