Генпракуратура: Эканомія на начных ліхтарах вядзе да росту злачыннасці

Генпракуратура: Эканомія на начных ліхтарах вядзе да росту злачыннасці

Генпракуратура выступіла супраць таго, каб мясцовыя ўлады эканомілі на асвятленні і адключалі начныя ліхтары. Нагодай стала скарга жыхара вёскі Бараўляны Мінскага раёна на незабеспячэнне сацыяльных стандартаў. 

"На тэрыторыях шэрагу раёнаў на працягу некалькіх гадоў існуе практыка неправамернага вынясення мясцовымі органамі ўлады актаў аб адключэнні вулічнага асвятлення ў летні перыяд у начны час", — канстатуе Генпракуратура.

Як прыклад згадваецца рашэнне Бараўлянскага селвыканкама. Згодна з ім сёлета з 1 чэрвеня па 25 жніўня вуліцы ўсіх населеных пунктаў гэтага сельсавета не асвятляліся па начах. Тое самае адбывалася ў 2015-2016 гадах.

Гэтую меру падтрымаў сваім лістом ад 18 красавіка 2016 года і Мінскі райвыканкам: на тэрыторыі раёна рэкамендавана адключаць асвятленне ўначы ў летні і зімовы перыяды для эканоміі сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Эканомія ад такога асвятлення за 2016 год склала 100 тысяч рублёў, што складае толькі 6,2% ад фактычна панесеных выдаткаў. Бараўлянскі сельвыканкам у 2017 годзе на вулічным асвятленні зэканоміў 30 тысяч публёў. "Прыведзеныя дадзеныя сведчаць пра вельмі нязначны эканамічны эфект", — падводзіць вынік пракуратура.

Але за гэты час вырасла і колькасць злачынстваў, учыненых у начны час. Так, на тэрыторыі Бараўлянскага сельвыканкама за лета 2017 года колькасць крадзяжоў у начны час вырасла на 125% у параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года (з 12 да 27). Таксама былі зарэгістраваныя разбой, забойства, пяць крымінальна каральных хуліганстваў. Адзначаецца рост наўмысных цялесных пашкоджанняў — на 166% (з 3 да 8), дробных хуліганстваў — на 132% (з 22 да 51), распіцця спіртных напояў у грамадскіх месцах — на 339% (з 28 да 123), дробных крадзяжоў маёмасці — на 150% (з 6 да 15).

Па звестках пракурорскіх работнікаў, такі рост крымінагеннай сітуацыі назіраецца і ў іншых раёнаў Міншчыны, дзе па начах адключалі вулічнае асвятленне. 

На думку пракуратуры, нязначная эканомія на вулічным асвятленні не акупляе тыя выдаткі, якія дзяржава нясе падчас раскрыцця злачынстваў і правапарушэнняў, лячэння і рэабілітацыя пацярпелых, кампенсацыі шкоды ў сувязі з атрыманнем грамадзянамі траўмаў у цёмны час сутак.

Таму Генпракуратура звярнулася ў Мінскі аблвыканкам з патрабаваннем "забяспечыць няўхільнае выкананне нормаў заканадаўства аб дзяржаўных сацыяльных стандартах". Таксама прапануецца прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці вінаватых службовых асоб і разгледзець гэтае пытанне на пасяджэнні Мінскага аблвыканкама.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі