Генпракуратура: Беларуса Юрыя Палітыку збілі ва ўкраінскай турме

Генпракуратура: Беларуса Юрыя Палітыку збілі ва ўкраінскай турме

Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк напісаў ліст у Кіеў да генпракурора Украіны Юрыя Луцэнкі. Ён просіць правесці праверку па факце нанясення цялесных пашкоджаняў грамадзяніну нашай краіны Юрыю Палітыцы, які знаходзіцца пад вартай у следчым ізалятары ў Чарнігаве. Яго абвінавачваюць у шпіянажы. Крымінальную справу беларуса разглядае суд Новазаводскага раёна ў Чарнігаве.

Як інфармуе прэс-служба Генпракуратуры Беларусі, маці Палітыкі наведала сына 17 жніўня ў СІЗА. Пасля гэтага яна звярнулася з заявай у беларускую амбасаду пра збіццё сына сукамернікам. І праз некалькі дзён консульскі доступ гэта пацвердзіў (збіццё адбылося з-за таго, што пральны парашок быў пастаўлены не на тое месца). У беларуса пералом скроневай косткі і гематома пад левым вокам. Высветлілася, што перад збіццём Юрыя Палітыку перавялі ў іншую камеру, нягледзячы на яго пратэсты. Пры гэтым адміністрацыя пагражала яму карцэрам.

На падставе гэтага беларускі бок робіць выснову пра спланаваны характар здарэння, якое адбылося 7 жніўня. За пяць дзён да гэтага намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук сустракаўся з кіраўніцтвам генпракуратуры Украіны. Ён выказваў заклапочанасць сітуацыяй з беларускім грамадзянінам, заявіў пра недазволеныя метады вядзення следства, пра выкарыстанне катаванняў і прыніжэнняў.

Генпракуратура Беларусі канстатуе, што "працягваецца мэтанакіраванае фізічнае і псіхаэмацыйнае ўздзеянне на Юрыя Палітыку з мэтай яго схілення да прызнання віны ў выстаўленым абвінавачанні". Аляксандр Канюк заклікае Юрыя Луцэнку забяспечыць умовы ўтрымання беларуса пад вартай ды выключыць магчымасці правакацый.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі