Газета Адміністрацыі прэзідэнта "заступілася" за Святлану Алексіевіч
![Газета Адміністрацыі прэзідэнта "заступілася" за Святлану Алексіевіч](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/alexijevicz-0912-1.jpg.webp?itok=YFiU6vPO)
Газета "СБ — Беларусь сегодня", орган Адміністрацыі прэзідэнта, апублікавала вытрымкі з Нобелеўскай лекцыі Святланы Алексіевіч. У рэдакцыйным пасляслоўі газета "заступілася" за пісьменніцу, якую пачалі крытыкаваць за нязначныя згадкі Беларусі ў лекцыі.
"Сёння многія сур'ёзныя аналітыкі і каментатары выступаюць у тым духу, што ў сацыяльных сетках разгарнулася сапраўднае цкаванне С.Алексіевіч. Ёй не могуць дараваць, што ў Стакгольме не прагучала звыклай мітынговай лексікі — "ганьба", "заняпад усяго на свеце" і да т.п.", — піша газета.
На думку рэдакцыі "пісьменніца апынулася вышэй за навязаны ёй "партыйны", чытай, апазыцыйны стыль". Крытыкаў Алексіевіч выданне параўнала з цэнзарамі і ідэолагамі савецкага часу.
Цяпер "СБ" чакае, якім будзе выступ Алексіевіч 10 снежня — на цырымоніі ўзнагароджання Нобелеўскай прэміяй. "Ці зможа спадарыня Алексіевіч праявіць цвёрдасць характару і перакананняў або "прагнецца" перад натоўпам тых самых "чырвоных чалавечкаў" з ліку псеўдадэмакратаў, з якімі ўсё жыццё змагалася сваімі таленавітымі кнігамі?"
Як паведамляла Еўрарадыё, сама Алексіевіч адказала крытыкам, што пра Беларусь збіраецца казаць 10 снежня.