Вы тут

“Гавары праўду” прапануе ўладам амніставаць беларусаў, якія ваююць ва Украіне

Андрэй Дзмітрыеў, фота Алеся Пілецкага

Аб’явіць амністыю і гарантаваць абарону ад крымінальнага пераследу ўсім беларусам, якія бяруць удзел ва ўзброеным канфлікце на Данбасе — з такой прапановай грамадская кампанія “Гавары праўду” звярнулася ў камісію па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў і ў Генеральную пракуратуру Беларусі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў адзін з лідараў арганізацыі Андрэй Дзмітрыеў.

Дзмітрыеў: “Я прапаную камісіі па заканадаўстве парламента і Генеральнай пракуратуры распрацаваць і прыняць закон “Аб амністыі” для беларусаў, якія ваююць ва Украіне. Каб цягам трох месяцаў яны маглі вярнуцца дамоў, да мірнага жыцця. Трэба выцягваць сваіх з гэтага канфлікту. Зразумела, не важна, на якім баку яны цяпер знаходзяцца ― выцягваць трэба ўсіх. Я лічу, што людзі, якія паехалі туды ваяваць, і мне не важна з якога боку яны ваююць, паехалі ваяваць за ідэі. Але калі ты хочаш ваяваць за Беларусь, то, калі ласка, ваюй тут. За “рускі мір”… Ну, гэта ж усё адно беларусы, маладыя, звычайна, хлопцы. І хай лепш яны тут працуюць, і калі яны нават у нечым памыляюцца, то тут нам прасцей іх пераканаць, чым калі яны ваююць недзе там”.

Дзмітрыеў прызнае: амністыя не гарантуе адсутнасці ўвагі з боку КДБ і МУС да тых, хто ваяваў на Данбасе. Але факт амністыі, упэўнены палітык, усталюе нейкія межы ― праваахоўнікі замест крымінальнага пераследу абмяжуюцца “прафілактычнымі размовамі”.