Ганну Красуліну высылаюць з Беларусі за безбілетны праезд і ўдзел у акцыях

Ганну Красуліну высылаюць з Беларусі за безбілетны праезд і ўдзел у акцыях

14 лістапада ў Мінску ў офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі прайшла прэс-канферэнцыя Ганны Красулінай, якую ўлады высылаюць з Беларусі. Красуліна — расіянка, жыве ў нашай краіне з 2002 года, з 2011-га — прэс-сакратар АГП. Яна абавязаная пакінуць Беларусь да 30 лістапада на тэрмін 1 год. У пашпарт ужо паставілі адпаведны штамп.

Ганна Красуліна паведаміла, што яе высылаюць "у інтарэсах грамадскага парадку". У аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёна сталіцы спаслаліся на тры адміністрацыйныя правапарушэнні, якія яна дапусціла. Два з іх — удзел у "несанкцыянаваных масавых акцыях" (выбарчы пікет 19 жніўня 2016-га, штраф; сустрэча затрыманых падчас Дня Волі на Акрэсціна 21 красавіка 2017-га, штраф). Яшчэ адзін — штраф за неаплачаны своечасова праезд у аўтобусе 23 сакавіка 2018 года.

Красуліна заявіла, што будзе абскарджваць рашэнне пра высылку ў судзе. "Мала таго, што вы разлучаеце мяне з маёй сям'ёй (у мяне муж, двое дзяцей — усе беларусы, працуюць, вучацца), — кажа прэс-сакратар АГП на адрас уладаў. — Мала таго, што вы наносіце мне маральныя і матэрыяльныя страты, мне няма куды ехаць. Я жыву тут. Тут мая сям'я, тут мае дзеці, тут мае бацькі, тут мае кватэра, мой дом. У мяне нічога няма ў Расійскай Федэрацыі".

Яна падкрэсліла, што ў 2006 годзе перавезла з Расіі ў Беларусь сваіх бацькоў.

АГП патрабуе ад уладаў адмяніць рашэнне аб высылцы Красулінай.

У 2015-м з Беларусі была высланая грамадзянка Расіі, праваабаронца Алена Танкачова. У яе справе фігуравалі чатыры выпадкі відэафіксацыі нязначнага перавышэння хуткасці руху аўтамабілем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі