Вы тут

Галоўрэду БелаПАН на Акрэсціна аддалі толькі сродкі гігіены і паўбутэлькі вады

Ірына Леўшына / svaboda.org

23 жніўня ў ІЧУ на Акрэсціна адвакаты пабачыліся з затрыманымі па справе БелаПАН Ірынай Леўшынай, Кацярынай Боевай і Дзмітрыем Наважылавым. Пра гэта БелаПАН паведамілі сваякі затрыманых.

Паведамляецца, што ўсе трое бадзёрыя і ў нармальным стане. Праўда, перадачы Леўшынай і Боевай супрацоўнікі ІЧУ аддалі не цалкам. Ім аддалі толькі сродкі гігіены, а Леўшынай — яшчэ паўбутэлькі вады.

Вядома таксама, што Леўшына ў камеры знаходзіцца без матраца і падушкі. У яе камеры ёсць яшчэ адна суседка. У камеры з Наважылавым — чатыры чалавекі.

У суботу, 28 жніўня, заканчваецца 10 сутак з моманту затрымання супрацоўнікаў БелаПАН. Да гэтага часу следчыя павінныя прыняць рашэнне пра іх вызваленне або меру стрымання.

18 жніўня на офісе кампаніі БелаПАН і дома ў яе супрацоўнікаў адбыліся ператрусы. Сервер БелаПАН быў канфіскаваны з офіса "Белтэлекама", у выніку сайт інфармагенцтва перастаў працаваць. 

Былі затрыманыя Ірына Леўшына (галоўны рэдактар і дырэктар), Кацярына Боева (бухгалтарка) і Дзмітрый Наважылаў (былы дырэктар). Іх падазраюць ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Праваабаронцы прызналі Леўшыну, Боеву і Наважылава палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.