Нідэрландскія эксперты: малайзійскі боінг збілі, але хто — пакуль невядома

Нідэрландская камісія апублікавала папярэднюю справаздачу па расследаванні катастрофы малайзійскага самалёта над тэрыторыяй Данецкай вобласці. Згодна з вынікамі папярэдняга расследавання, самалёт разваліўся у паветры ад пашкоджанняў, нанесеных звонку. 

Прааналізаваўшы запіс з кабіны пілотаў, можна зрабіць выснову, што самалёт разарваўся ў адно імгненне, бо ніякіх сігналаў небяспекі на плёнцы не чуваць да апошняга.

"У гукавым запісе з кабіны экіпажу, які скончыўся ў 13.20:03, не было чутно ніякіх сігналаў гукавога папярэджання або сігналаў аб няспраўнасці сістэмы. Камунікацыя экіпажу не дае падставаў сцвярджаць, што падчас палёту былі якія-кольвек адхіленні ад нормы", — гаворыцца ў справаздачы экспертаў.

Данецкія сепаратысты доўгі час не аддавалі скрыні экспертам, і гучала меркаванне, што з імі могуць праводзіць нейкія маніпуляцыі. Але эксперты вывучылі "чорныя скрыні" самалёта і зрабілі выснову, што ніякага пранікнення ў іх не было.

Галасавы самапісец у кабіне пілотаў. Надпіс па-руску: Генеральная прокуратура Донецкой народной республики

Згодна з дадзенымі бартавога самапісца, палёт праходзіў на той самай вышыні, якую задаў дыспетчар. Палётныя дадзеныя, як і запіс з кабіны, спыняюцца ў 13.20:03 (UTC) — 16.20:03 па мясцовым часе. Гэта і ёсць дакладны час калі самалёт разарваўся.

"Дадзеныя бартавога палётнага самапісца сведчаць пра тое, што самалёт ляцеў на эшалоне 330 з курсам 115° з хуткасцю 293 вузлоў паветранай хуткасці (наземная хуткасць — 494 вузлы).

Згодна з дадзенымі бартавога палётнага самапісца, абодва рухавікі самалёта працавалі ў крэйсерскім рэжыме. Усе далейшыя індыкатары працы рухавікоў былі нармальныя. Не было ніякіх папярэджанняў ці сігналаў пра няспраўнасць сістэмы самалёта. Дадзеныя рэзка спыніліся ў 13.20:03.

Усе параметры рухавіка былі нармальнымі для крэйсерскага палёту. Не было ніякіх папярэджанняў аб няспраўнасці самалёта да самага канца запісу.

На падставе папярэдніх высноваў можна сцвярджаць што да канца запісу бартавога і палётнага самапісцаў у 13.20:03 з самалётам і экіпажам не было тэхнічных ці аперацыйных праблем".

Хаця следчыя яшчэ не маюць магчымасці атрымаць рэшткі самалёта для судовай экспертызы, фатаграфіі абломкаў сведчаць пра тое, што матэрыял вакол дзіраў быў дэфармаваны так, як звычайна дэфармуецца матэрыял вакол пранікнення высокаэнергетычных аб’ектаў. Уласцівасці гэтых дзіраў сведчаць пра тое, што гэтыя аб’екты праніклі звонку фюзеляжа.

"Пашкоджанні ў пярэдняй частцы самалёта сведчаць пра тое, што ў самалёт звонку пранікла вялікая колькасць высокаэнергетычных аб’ектаў. Праўдападобней за ўсё гэтыя пашкоджанні прывялі да парушэння герметычнасці самалёта, што прывяло да таго, што самалёт разваліўся ў палёце".

Дзіры, якія бачныя на здымках падлогі кабіны экіпажу, сведчаць пра тое, што невялікія аб’екты праніклі з узроўню, вышэйшага за ўзровень падлогі кабіны экіпажу (малюнак 10). ​

Малюнак 10: Падлога кабіны экіпажу з часткамі падлогі, якія паказваюць дзіры ад пранікнення (чырвоныя колы) з узроўню над падлогай.

Каля 1,7 км на поўнач ад месца, дзе былі знойдзеныя вокны з кабіны экіпажу, знаходзілася частка даху кабіны экіпажу, у якой таксама былі дзіры, якія сведчаць пра пранікненне звонку (малюнак 9)​

Малюнак 9: Фрагмент унутранай часткі даху кабіны экіпажу, у якой бачна пранікненне аб’ектаў звонку. (Крыніца: Дэпартамент грамадзянскай авіяцыі). Хаця следчыя яшчэ не мелі магчымасці атрымаць гэтыя кампаненты для судовай экспертызы, фатаграфіі абломкаў самалёта сведчаць пра тое, што матэрыял вакол дзіраў быў дэфармаваныя так, як звычайна дэфармуецца матэрыял вакол пранікнення высокаэнергетычных аб’ектаў. Уласцівасці гэтых дзіраў сведчаць пра тое, што гэтыя аб’екты праніклі звонку фюзеляжа.

Абшыўка пярэдняй часткі фюзеляжа з-пад левага акна кабіны экіпажу, на якой бачныя шматлікія невялікія дзіркі і выемкі (уверсе), павялічаная выява правага верхняга вугла гэтай жа абшыўкі (унізе), якая паказвае дзіркі, што прабілі абшыўку (аранжавая стрэлка) і ямкі (чырвоная стрэлка)

Згодна з дадзенымі радара, у той жа самай зоне дыспетчарскага кантролю, што і гэты самалёт, знаходзілася тры камерцыйныя самалёты. Усе яны былі пад кантролем радара “Дніпро”. У 13.20 адлегласць паміж найбліжэйшым самалётам і МН17 складала прыблізна 30 км.

Але ў справаздачы няма нічога пра дакладныя прычыны падзення самалёта. Перад яе публікацыяй нідэрландскі бок заяўляў, што паколькі яна папярэдняя, то ў ёй не будзе вызначацца, хто вінаваты ў трагедыі.

Малайзійскі прэм'ер-міністр падчас прэс-канферэнцыі па выніках расследавання сказаў, што "справаздача выклікае моцны падазрэнні у тым, што MH17 збіла ракета тыпу "зямля-паветра", але неабходнае далейшае расследаванне, каб быць у гэтым упэўненым".

Перамовы пілотаў з дыспетчарам (пераклад ніжэй)

MH17: Дніпро Радар, Малайзіян адзін сем, эшалон 330

Дніпро Радар: Малайзіян адзін сем, Дніпро Радар, добрага дня, на радары назіраю

MH17: Малайзіян адзін сем

Дніпро Радар: Так.

Растоў: Карацей. Днепр, Растоў адзін. Ці можаце вы даць курс (накірунак) для Малайзіян да Растова да RND кропкі, у нас тры такіх.

Дніпро Радар: Для Малайзіян, які 17?

Растоў: Так, мы вернем яго назад да TIKNA

Дніпро Радар: Цудоўна (ок)

Растоў: Так, дзякуй

Дніпро Радар:  Малайзіян адзін сем, Romeo November Delta, Малазіан адзін сем, праз пагрозу сутыкнення кіруйцеся непасрэдна ў кропку РOMEO NOVEMBER DELTA

MH17: ROMEO NOVEMBER DELTA, Малайзіян адзін сем

Дніпро Радар: Малайзіян адзін сем, пасля кропкі ROMEO NOVEMBER DELTA чакайце накіравання наўпрост на TIKNA

Дніпро Радар: Малайзіян адзін сем, як мяне чуеце?  Малайзіян адзін сем, Дніпро Радар

Дніпро Радар: Малайзіян адзін сем, Дніпро Радар

Дніпро Радар: Малайзіян адзін сем, Дніпро Радар

Растоў: Слухаю вас, гэта Растоў

Дніпро Радар: Растоў, ці вы назіраеце Малайзіян па бартавым адказчыку? 

Растоў: Не, здаецца, ягоная мэта (?) пачала развальвацца на часткі. 

Дніпро Радар: Ну, на нашыя запыты ён таксама не адказвае. 

Растоў: Не адказвае на запыты, так? 

Дніпро Радар: Так. І мы яшчэ яго не бачым. Такім чынам, вы іх завярнулі, яны пацвердзілі і… 

Растоў: І ўсё, так? 

Дніпро Радар: Так, ён знік. 

Растоў: Чакайце, я запытаю. 

Дніпро Радар: Вы нічога не назіраеце з дапамогай першасных сродкаў?

Асноўнае месца падзення, на якім бачныя часткі рухавіка (1), крыло з агляднымі люкамі (2) і асноўнае шасі (3)

Апошняе месцазнаходжанне самалёта ў палёце вызначанае з дапамогай палётнага самапісца / Абломкі згрупаваныя згодна з секцыямі самалёта. 

Малюнак 2:  Выява Днепрапятроўскага Раёна палётнай інфармацыі, Зоны дыспетчарскага кантролю 2 і 4, зона палёту (чырвоная лінія) і Дыспетчарскага дазволу (пункцірная чырвоная лінія) для маршруту МН17. Таксама тут паказаныя тыпы і вышыня палёту трох камерцыйных самалётаў, якія ляцелі ў той жа зоне (гл. 2.5.4). На выяве паказаная сітуацыя на момант 13.20 (крыніца ДПАПРУ)

Фота: onderzoeksraad.nl