Валерый Ісаеў: Дзякуй спадару Пуціну, што дапамог загаварыць па-беларуску

Беларускі футбольны агент Валерый Ісаеў у інтэрв'ю газеце "Прессбол" распавёў пра свае адносіны да беларускай мовы. У сваім твітары ён рэгулярна піша на тэму беларускай нацыянальнай ідэі. Ісаеў кажа, што ў ёй ён цяпер "глыбока".

"Чаму пісаў на "мове"? У мяне ж ёсць вочы і вушы, шмат сяброў у Беларусі, у Расіі, на Украіне, — распавядае Валерый Ісаеў. — Адразу кажу: не знаходжуся ў якіх-небудзь партыях, арганізацыях або саюзах. Проста так успрымаю сітуацыю. За апошнія гадоў пяць моцна змяніўся. Я хачу жыць у незалежнай Беларусі. Напэўна, на "тры" беларускую мову ведаю. Цяжка сябе прывучыць, але сёння хацеў бы гаварыць на ёй. І дзякуй спадару Пуціну, што ён дапамагае нашай краіне — колькасць такіх людзей, як я, расце. Тых, хто ўсё больш і больш разумее, што іх радзіма — Беларусь, што ёсць беларуская мова".

У той жа час футбольны агент падтрымлівае палітыку Аляксандра Лукашэнкі і ў твітары агітуе галасаваць за яго.

"У апошні час перагледзеў сваё стаўленне да таго, што адбываецца ўнутры краіны і, не буду хітраваць, да ўлады. Мне здаецца, пры любой іншай мы ўжо даўно сталі б губерняй [Расіі]. І выдатна, што адбываецца працэс самаідэнтыфікацыі", — распавёў Ісаеў "Прессболу".

Нагадаем, Валерый Ісаеў з'яўляецца агентам такіх беларускіх футбалістаў, як Дзмітрый Верхаўцоў і Рэнан Брэсан.

Фота: sportbrest.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі