Free Form Festival перанеслі з 9 траўня на кастрычнік

Юбілейны Free Form Festival, які мусіў прайсці 9―10 траўня ў варшаўскай Soho Factory, нечакана перанеслі на паўгода пазней ― на кастрычнік. Афіцыйнае тлумачэнне даволі няўцямнае:

“З-за неспадзяваных тэхнічных цяжкасцяў , якія з'явілася ў апошнія некалькі дзён незалежна ад нас, мы вымушаныя перанесці фэст на новыя даты 3―4 кастрычніка 2014 года”, ― пішуць арганізатары з Good Music Productions на афіцыйным сайце фэсту freeformfestival.pl.

У звароце завяраюць, што кастрычніцкі лайн-ап застанецца такім жа: Klaxons, La Roux, Jon Hopkins, Beats Frinedly, The Dumplings, Simian Mobile Disco, Charli XCX, MØ, Evian Christ, Roosevelt, Xxanaxx, Skalpel, Flight Facilities, да таго ж, з’явяцца і новыя імёны, якія абвесцяць неўзабаве.

Усе набытыя квіткі захоўваюць сваю вартасць, а калі новыя даты не адпавядаюць, квіткі можна вярнуць пачынаючы з аўторка, 6 траўня.

У якасці суцяшальнай імпрэзы арганізатары ўсё ж зробяць вечарыну, але ў клубе Basen з удзелам аднаго з Free Form гасцей ― канадскага электра-поп праекта Trust. Для тых, хто мае квіткі на Free Form, вечарына будзе бясплатнай.

Фота: freeformfestival.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі