Актывіст з Біярыцы П'ер Афнер захапіў вілу, якая, як мяркуецца, належыць дачцэ Уладзіміра Пуціна Кацярыне. Аб гэтым піша The Insider.
Афнер распавёў выданню, што пракраўся ў дом і змяніў там замкі. Ён плануе размясціць на віле ўкраінскіх уцекачоў. Па словах актывіста, у доме восем спальных месцаў і тры ванныя пакоі.
Выданне таксама паведамляе, што на захопленай віле былі знойдзены дакументы, якія належаць бізнэсоўцу і блізкаму сябру Пуціна Генадзю Цімчанку і зяцю Пуціна Кірылу Шамалаву. У прыватнасці, сярод папер, знойдзеных на віле, была копія пашпарта Шамалава, а таксама даверанасць ад 2009 года, выпісаная "Генадзем Цімчанкам, грамадзянінам Фінляндыі" на імя грамадзянкі Францыі Франсуаз Дзюшасаль, якая павінна была адказваць за рамонт на віле.
The Insider вывучыў інфармацыю ў рэестры нерухомасці Францыі і высветліў, што з 2007 года віла належала Цімчанка, а ў 2012 была перададзена Шамалаву.
Расійскія СМІ раней пісалі, што Шамалаў развёўся з Кацярынай Ціханавай (дачкой Пуціна) яшчэ ў 2018 годзе, і нават потым яшчэ раз ажаніўся.