На MILEX-2019 паказалі беларускую супрацьдронную пушку (фота)

На MILEX-2019 паказалі беларускую супрацьдронную пушку (фота)

У Мінску на выставе ўзбраення і вайсковай тэхнікі MILEX-2019 прадставілі супрацьдронную пушку. “Навальніца-Р2” — пераносная радыёэлектронная стрэльба для барацьбы з мульцікоптарамі. Яе распрацавала беларускае прадпрыемства “КБ Радар”, якое ўваходзіць у сістэму Дзяржкамваенпрама.

Стваральнікі сцвярджаюць, што, каб “збіваць” мульцікоптары, дакладнага прыцэльвання не патрабуецца. Дастаткова накіраваць пушку на тую вобласць, дзе, як мяркуецца, знаходзіцца беспілотнік, бо шырыня дыяграмы накіраванасці яе антэн складае каля 30 градусаў.

“Каб дэзактываваць адзін беспілотнік, “Навальніцы-Р2” патрабуецца ад 30 секунд да 2 хвілін — за гэты час глушацца каналы кіравання і перадачы дадзеных мульцікоптара. Магутныя акумулятары радыёэлектроннай пушкі дазваляюць выпраменьваць сігналы з перашкодамі на працягу не менш за гадзіну. Такім чынам, аднаго камплекта акумулятараў дастаткова для таго, каб вывесці з ладу некалькі дзясяткаў дронаў”, — апісвае сваё вынаходніцтва прадпрыемства “КБ Радар”.

Першая мадэль пушкі “Навальніца-Р” была прадстаўлена на міжнародных выставах яшчэ ў 2017 годзе.

У 2018 годзе падчас святкавання 25 сакавіка 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі каля Опернага тэатра ў Мінску знік дзясятак аператарскіх дронаў. Яны рабілі здымкі зверху, імі кіравалі з зямлі па радыёсувязі. Але раптоўна дроны зніклі ў невядомым кірунку. Гэта была тэхніка не толькі СМІ (у некаторых — арэндная), але і звычайных людзей. Уласнікі дронаў меркавалі, што кіраванне над коптарамі перахапілі праваахоўнікі пры дапамозе радыёэлектроннай спецтэхнікі. Аднак звароты ў міліцыю плёну не прынеслі: дроны дагэтуль не знойдзены.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі