Фігурант "справы Аўтуховіча" Уладзімір Гундар расказаў пра збіццё пры затрыманні

Уладзімір Гундар​ / БЕЛТА
Уладзімір Гундар​ / БЕЛТА

Адзін з абвінавачаных па "справе Мікалая Аўтуховіча" Уладзімір Гундар заявіў у судзе, што пры затрыманні яго збівалі. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы. Паводле слоў Гундара, супрацоўнікі КДБ, якія прыйшлі яго затрымліваць, адразу паставіліся да яго як да тэрарыста. Яны патрабавалі прызнацца ў злачынствах.

"Потым мяне білі людзі ў цывільным. Пасля кожнага адмоўнага адказу на патрабаванне прызнаць сябе паслядоўнікам і саўдзельнікам Аўтуховіча мяне білі па галаве. Пастаянна пыталіся: "Навошта табе марнаваць час, рызыкаваць жыццём сваёй сям'і за нейкага Аўтуховіча, які ўжо даўно дае паказанні?" — расказаў у судзе Гундар.

Даваць паказанні на працэсе ён адмовіўся. Гундара абвінавачваюць паводле двух артыкулаў КК РБ — "стварэнне злачыннай арганізацыі" (ч. 1 арт. 285 КК) і "замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам" (ч. 2 арт. 357 КК). Сваю віну ён не прызнае. Праваабаронцы прызналі Гундара палітвязнем.

Сёння павінен адбыцца допыт Мікалая Аўтуховіча. Яго дапытваюць апошнім.

Фигурант "дела Автуховича" Владимир Гундарь рассказал об избиении при задержании
Мікалай Аўтуховіч / БЕЛТА

Суд "па справе Аўтуховіча" пачаўся 18 траўня. Ён праходзіць у будынку турмы №1 Гродна. Па справе праходзяць 12 чалавек. Аўтуховічу прад'яўленае абвінавачванне па 12 артыкулах КК, у тым ліку "здрада дзяржаве", "стварэнне злачыннай арганізацыі", "акт тэрарызму", "замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам". Паводле версіі следства, Аўтуховіч быў арганізатарам і кіраўніком "тэрарыстычнай групоўкі", якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў, стварала схованкі са зброяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі