Вы тут

Фестываль Vulica Brasil размалюе вуліцу Кастрычніцкую і адзін будынак на Нямізе

Пачаўся трэці этап фестывалю урбан-арту Vulica Brasil. На мінскай вуліцы Кастрычніцкая ўжо пачалі працаваць бразільскія мастакі Ramon Martins ды Speto.

“Я не ведаю пакуль, што дакладна будзе намалявана, — распавядае Ramon Martins, чыя карціна ўпрыгожыць адну з сцен пятага корпуса Мінскага завода кастрычніцкай рэвалюцыі (вул. Кастрычніцкая, 19-5). — Я шмат пра гэта думаў і працягваю думаць на гэты конт. Бо людзі будуць жыць з тым, што я намалюю, пра гэта трэба памятаць. Але ў маёй працы шмат этнікі. Нягледзячы на тое, што я з Бразіліі, маё паходжанне вельмі шырокае, таму я не думаю адным кантынентам і нават магу падумаць крыху як беларус. Пачаў я з жывёл, якія знікаюць. Падумаў пра зуброў… таму ствараю такі калейдаскоп, дзе кропка адпраўлення — прырода”.

Speto ўжо працуе на адной са сцен гатэля “БелРостІнвестБуд” (вул. Кастрычніцкая, 25). Яго натхніла розніца ў часе паміж Беларуссю і Бразіліяй, і тое, што ў жыхароў абедзвюх краін нямала агульнага. Хутка ў Мінск прыляцяць яшчэ тры бразільскія мастакі L7M, Finok і Imai Yusk. Да іх далучацца беларускія калегі Bazinato, Cowek, Izum, Kontra, Busel, Grino & Ivan Tame, Hade, Mutus, Ігар Юхневіч, Марат RGB і Pisliak.

Агульнай тэмай сёлетніх муралаў стануць экалагічныя праблемы, якія вельмі актуальныя і для Бразіліі.

“У нас знаходзіцца самы вялікі трапічны лес Амазонкі, — тлумачыць амбасадар Бразіліі ў Беларусі Паўла Антоніа Перэйра Пінта. — Палову тэрыторыі нашай краіны займае амазонскі лес, таму абсалютна натуральна, што тэма экалогіі з’яўляецца фундаментальнай для ўсіх нашых праектаў. Тэма экалагічнай адказнасці і заклапочанасці праходзіла нават на адкрыцці Алімпіяды ў Рыа. Гэта агульнае пытанне для бразільцаў”.

З гэтай нагоды напярэдадні трэцяга этапу Vulica Brasil арганізатары сабралі прадстаўнікоў усіх кампаній, што змяшчаюцца ў будынках па вуліцы Кастрычніцкай і паспрабавалі высветліць, што ім было б цікава убачыць у якасці выніку фестывалю.

“Як высветлілася, тут таксама шмат сваіх праблем, — распавядае адна з арганізатараў Міла Котка. — Гэта і прыборка смецця, і азеляненне… Кожны, хто б ні глядзеў на гэтую вуліцу з мастацкага пункту гледжання, экалагічнага, урбаністычнага, знаходзіў свае пытанні. І вось мы паспрабавалі выслухаць кожную арганізацыю і накіраваць свае дзеянні не толькі ў эстэтыку, але і ў агульнае паляпшэнне сітуацыі”.

З гэтай нагоды лідскі мастак Cowek будзе падпраўляць свой леташні малюнак ды аздабляць яго жывымі насаджэннямі. Увогуле, трэці этап фестывалю Vulica Brasil будзе багаты на эксперыменты і эксклюзіўныя для Беларусі рэчы. Але пазнаёміцца з усім можна будзе 17 верасня на ўрачыстым закрыцці фэсту. У гэты дзень арганізатары абяцаюць зрабіць вуліцу Кастрычніцкую пешаходнай, зладзіць на ёй перфомансы сучасных мастакоў ды выступы музыкаў. А ў якасці бразільскага хэдлайнера ў Мінск з Сальвадора прыляціць спявачка Ju Moraes. Прыезд замежных артыстаў стаў магчымым дзякуючы спонсарскай падтрымцы кампаніі "Белавія".

З падрабязнай праграмай фестывалю можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Vulica Brasil.