Федэрацыя футбола тлумачыць, чаму "НФК "Крумкачы" не можа заявіцца ў першую лігу

Федэрацыя футбола тлумачыць, чаму "НФК "Крумкачы" не можа заявіцца ў першую лігу

Беларуская федэрацыя футбола лічыць, што цяперашні клуб "НФК "Крумкачы" і ранейшы клуб "Крумкачы" — гэта адно і тое ж, піша by.tribuna.com

Увесну клуб "Крумкачы" ў выніку фінансавых праблем не быў дапушчаны да ўдзелу ў вышэйшай лізе. Вядомы піяніст Юрый Бліноў і галкіпер "Крумкачоў" Яўген Касцюкевіч стварылі новую юрыдычную асобу, якая стала своеасаблівым спадчыннікам старога клуба — "НФК "Крумкачы". Былы кіраўнік клуба Дзяніс Шунто перадаў ім правы на выкарыстанне назвы і лагатыпа старых "Крумкачоў". Кіраваць камандай працягнуў трэнер Аляксей Кучук. Каманда заявілася ў другую лігу, дзе заняла другое месца і заваявала права пачаць наступны сезон у першай лізе.

Аднак федэрацыя футбола адмовілася рэгістраваць "НФК "Крумкачы" ў першай лізе. Спярша клуб павінен зарэгістравацца ў федэрацыі футбола (АБФФ). Але там чыноўнікі кажуць, што ўжо маюць у сваім складзе клуб "Крумкачы" — дзецішча Дзяніса Шунто.

Юрыдычна сувязі паміж старым і новым клубам няма. "НФК "Крумкач" мае адрозную назву, іншы юрыдычны адрас, іншы склад заснавальнікаў ды іншае кіраўніцтва. Хаця ад старога праекта ён атрымаў эмблему і частку назвы, афіцыйны сайт, трэнераў, касцяк каманды і заўзятараў.

Старыя "Крумкачы" пакуль што не выйшлі з чальцоў АБФФ. Кіраўніцтва клуба мусіць падаць у выканкам АБФФ пісьмовую заяву не пазней чым за тры месяцы да канца фінансавага года. Толькі пасля пасяджэння выканкама клуб могуць вывесці з чальцоў федэрацыі. Дагэтуль клуб не падаваў ніякіх папер у АБФФ і ўжо сёлета не паспее выйсці з арганізацыі.

Да таго ж, стары клуб, які, нібыта, мае пазыкі прыкладна на 130 тысяч рублёў, знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. Гэта працэс можа заняць ад шасці месяцаў да года.

Дырэктар дэпартамента ліцэнзавання АБФФ Андрэй Мішаеў у гутарцы з журналістамі кажа, што федэрацыя не лічыць "НФК "Крумкачы" іншым клубам, чым проста "Крумкачы". Ён згодны, што гэта іншая юрыдычная асоба, аднак дадае: "Але гэта той жа самы клуб. З той жа эмблемай, той жа назвай, тымі ж заўзятарамі".

Да таго ж, кажа ён, федэрацыя не можа зарэгістраваць два клубы з адной назвай і з аднаго рэгіёна: "Глядзіце, у вышэйшай лізе ёсць "Тарпеда" з Мінска і "Тарпеда-БелАЗ" з Жодзіна. Гэта два клубы "Тарпеда" з розных рэгіёнаў. Умоўна можа быць "Спартак" з Мінска і "Спартак" са Шклова. А тут "Крумкачы" з Мінска і такія ж "Крумкачы" з Мінска. Вам не здаецца гэта дзіўным?"

Футбольны клуб — больш шырокае паняцце, чым проста юрыдычная асоба, заяўляе Мішаеў. Як прыклад ён згадвае клуб "Дынама-Брэст", які памяняў юрыдычную асобу пасля прыходу інвестараў. Аднак новая юрыдычная асоба ўзяла на сябе ўсю футбольную дзейнасць старою юрасобы, у тым ліку пазыкі і абавязацельствы. 

"Калі б ТАА "ФК "Крумкачы" ​падпісала такі ж акт з ТАА "НФК "Крумкачы" аб тым, што першыя перадаюць другім сваё сяброўства ў асацыяцыі, усе правы і абавязацельствы па футбольнай дзейнасці, тады не было б ніякіх пытанняў. АБФФ цікавяць даўгі "Крумкачоў" перад гульцамі і іншымі футбольнымі клубамі", — тлумачыць Мішаеў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі