Фанаты Юры Шатунова не могуць вярнуць грошы за выступ, якога не было

Фанаты расійскага спевака Юры Шатунова і сам артыст абураныя дзеяннямі мінскіх арганізатараў. Спевака заявілі на афішы "Дыскатэка 80–х. Зорная містэрыя", але на канцэрце яго не было. Некаторыя мінчане ўвогуле не патрапілі на мерапрыемства, бо канцэрт раптоўна перанеслі з 15 траўня на 14-га, хтосьці пра змены даведаўся ўжо пасля.
 
"Гэта проста жах. Мы з маці прыехалі а 19 гадзіне на канцэрт. А ён, аказваецца, быў учора. Па кантактных нумарах ніхто не бярэ — аўтаадказчык. Дазваніліся па адным, там сказалі, што грошы не вяртаюць, едзьце ў міліцыю. Мы паехалі, нас аказалася 15 чалавек", — піша на форуме адзін з абураных уладальнікаў квіткоў.
 
Сам Юра Шатуноў звярнуўся ў беларускую міліцыю з просьбай распачаць крымінальную справу і пакараць тых, хто ладзіў канцэрт і размясціў яго імя на афішы. Дазваніцца да арганізатараў дыскатэкі — кампаніі "Росканцэрт" — не атрымоўваецца. Спачатку працаваў аўтаадказчык: "Вы звязаліся з галасавой скрыняй абанента...", а пасля: "Галасавая скрыня абанента запоўненая. Да пабачэння".
 
Дырэктар Юры Шатунова Аркадзь кажа, што перамовы з артыстам наконт выступу ў Мінску сапраўды вяліся. А потым арганізатары зніклі, ні білета, ні перадаплаты, ні дамовы.
 
"Нас абвясцілі ў афішы. А ў выніку арганізатар знік. Не браў трубку. Раней было нармальна ўсё, да гэтага разу. Не ведаю, што яны хімічаць. Такая бывае практыка, калі абвяшчаюць хэдлайнера, каб прадаліся квіткі. Потым кажуць, што артыст не можа прыехаць і ўсё. Каб лішнія грошы пакласці сабе ў кішэню. Няўжо незразумела?", — абураецца дырэктар артыста.
 
Год таму выступ Юры Шатунова ў Мінску адбыўся. Але ён таксама быў перанесены. І тут зноў жа засталіся незадаволеныя.
 
Андрэй падараваў жонцы на Дзень нараджэння два квіткі на канцэрт Шатунова ў Мінску.
 
"Не самыя танныя, па 350 тысяч. Потым высветлілася, што канцэрт пераносіцца з 3 траўня на 19. У нас былі іншыя планы на гэты дзень і мы вырашылі здаць квіткі. Нас адправілі да арганізатараў. Пастаянна казалі, што заўтра аддадуць грошы".
 
Але грошы так і не аддалі. Таму спачатку напісалі ліст на юрыдычны адрас арганізатараў, потым — у міліцыю.
 
"Я вырашыў сам з'ездзіць па юрадрасе, але там нікога не было. Участковы разбіраўся, нават бачыў дырэктара фірмы. Але пасля — нічога. Прыйшоў ліст, што складу злачынства няма, звяртайцеся ў суд па грамадзянскіх справах. Суд мы выйгралі, вядома".
 
Але судовы выканаўца не можа знайсці дырэктара фірмы... ўжо год. А той правёў яшчэ адзін канцэрт, пасля якога з'явіліся яшчэ абураны людзі. Некаторыя проста выказваюць нездавальненне адсутнасцю Юры Шатунова, некаторыя хочуць здаць квіткі.
 
 
Фота: delfi.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі