Вы тут

Фанаты мінскага "Дынама" — супраць таго, каб Міхаіл Захараў узначаліў клуб

Міхаіл Захараў / junost.org

Фанаты мінскага хакейнага клуба "Дынама" адрэагавалі на чуткі, быццам галоўным трэнерам "зуброў" можа стаць Міхаіл Захараў. Фан-клуб "BYzone" напісаў адкрыты ліст, адрасаваны кіраўніцтву клуба. 

Фанаты "бела-сініх" нагадалі, што ўжо дзевяць гадоў актыўна падтрымліваюць каманду як на хатніх, так і на выязных матчах. 

"Мы не хочам апераваць чуткамі, але ўсе ведаюць шмат гісторый, якія выстаўляюць Захарава М.М. не ў лепшым святле як трэнера, так і чалавека. Мы не будзем абмяркоўваць гэтыя выпадкі, а толькі выкажам сваю пазіцыю.

Наш фан-клуб катэгарычна пярэчыць супраць прызначэння Захарава М.М. галоўным трэнерам ХК "Дынама-Мінск". Адказна заяўляем, што ў выпадку з'яўлення гэтага чалавека ў структуры клуба, наша грамадскае аб'яднанне будзе вымушана прыпыніць сваю дзейнасць аж да закрыцця. Актыўная падтрымка будзе адсутнічаць на фан-сектары, і мы па магчымасці будзем агітаваць заўзятараў не наведваць матчы ХК "Дынама-Мінск", хоць ўпэўненыя, што большасць з іх падтрымае нас і без дадатковай агітацыі", — гаворыцца ў заяве.

Фанаты шкадуюць, што ім даводзіцца рабіць такую заяву, але кажуць, што іначай не могуць. На іх думку, з прыходам Міхаіла Захарава клуб спыніць сваё існаванне для ўсіх сапраўдных заўзятараў каманды.

Дарэчы, напярэдадні клуб Міхаіла Захарава "Юнацтва" восьмы раз стаў чэмпіёнам Беларусі па хакеі.