Фальшывых грошай у Беларусі становіцца менш

Для падробкі банкнотаў у Беларусі выкарыстоўваюць нават зімбабвійскія долары​ / Reuters
Для падробкі банкнотаў у Беларусі выкарыстоўваюць нават зімбабвійскія долары​ / Reuters

За дзевяць месяцаў мінулага года беларускія банкі выявілі 429 падробленых банкнотаў і адну манету, паведамляе Нацбанк. Гэта амаль на траціну менш, чым за той жа перыяд 2019 года.

У асноўным у абарот траплялі падробкі долараў (48,6%) і расійскіх рублёў (37,2%). Долары друкавалі і клеілі з сапраўдных банкнотаў, толькі іншага — меншага наміналу.

Падробленых еўра з агульнай колькасці фальшывых банкнотаў было 10,2%. У адрозненне ад 2019 года ў 2020-м у рукі праваахоўнікаў трапіў неіснуючы банкнот у 1000 еўра. Яго зрабілі з сапраўднага банкнота наміналам у 1000 зімбабвійскіх долараў.

Доля беларускіх рублёў у ліку падробак — 3,7%. Былі нават кітайскія юані — 0,2%.

— Ацэнка выкарыстаных спосабаў узнаўлення малюнкаў падробленых банкнотаў сведчыць пра тое, што з выкарыстаннем паліграфічных тэхналогій выраблены больш за 86 адсоткаў падробленых долараў ЗША (у асноўным афсетны і глыбокі друк) і 55 адсоткаў падробленых еўра (усе афсетны друк). Для ўзнаўлення малюнкаў астатніх падробленых банкнотаў выкарыстаныя тэхналогіі рэпраграфіі — прынтарныя прылады, — гаворыцца ў справаздачы Нацбанка.

Фальшывыя грошы былі канфіскаваныя у 42 населеных пунктах Беларусі. У Мінску іх было больш за ўсё — 37,7% ад агульнай колькасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі