Еўрапейскія СМІ больш цікавіць ваенная база, чым беларускія выбары
У пачатку восені ў Беларусі з’явілася дзве інфармацыйныя нагоды, якія зацікавілі буйныя еўрапейскія СМІ — выбары і магчымае з’яўленне чарговай расійскай ваеннай базы. Але апошняя навіна, як відаць, больш хвалюе еўрапейцаў, чым нашы выбары.
Тры апошнія навіны на нямецкім DW.com прысвечаныя ваеннай базе, і толькі адна — выбарам, і тое таму, што будзе адбывацца пасля іх.
"ЕС спадзяецца, што выбары 11 кастрычніка пройдуць без парушэнняў, будзе забяспечаная свабода слова і свабода сходаў", — заявіў DW старшыня германа-беларускай групы ў бундэстагу Олівер Качмарэк.
Але апытаныя эксперты мяркуюць, што беларускае кіраўніцтва не столькі імкнецца да дэмакратычных пераменаў, колькі шукае магчымасці палепшыць эканамічную сітуацыю.
Навіна пра з’яўленне расійскай авіябазы аказваецца найбольш цікавай і для аўдыторыі польскай "Газеты выборчай". Яна збірае 168 каментароў, навіна пра выбары — толькі 10.
"І дзе цяпер тыя, хто казаў, што амерыканская сістэма супрацьракетнай абароны ў Польшчы — гэта непатрэбнае правакаванне Расіі? І што цяпер лепш? Шчыта няма, а Расія паводзіць сябе так, як заўсёды", — піша адзін з каментатараў.
Польскае агенцтва PAP асвятляе прэзідэнцкія выбары ў Беларусі праз пікет Міколы Статкевіча. Асноўная ж тэма — расійская база.
"Міністр абароны Літвы заявіў, што з’яўленне базы можа павялічыць напружанасць у рэгіёне і перашкодзіць памкненням Беларусі нармалізаваць адносіны з ЕС і НАТА", — піша wiadomosci.wp.pl.
Брытанскія СМІ ўвогуле не надаюць увагі беларускім выбарам — “Гардыян” і “Тэлеграф” апошні раз згадваюць пра Беларусь у сувязі з вызваленнем палітвязняў.
Амерыканскае abc News піша пра пратэст, арганізаваны Міколай Статкевічам, і таксама пра расійскую ваенную базу.
"Беларусь з’яўляецца жаданым месцам для расійскай базы, бо мяжуе з Украінай і трыма сябрамі ЕС і НАТА. Расійскі кантынгент у Беларусі будзе парушаць баланс сіл і спрыяць павелічэнню напружанасці ў рэгіёне ў цэлым", — піша выданне.
Агульнае ўражанне складаецца такое, што навіна пра расійскую базу адцягнула ўвагу еўрапейскіх СМІ і іх аўдыторыі ад беларускіх выбараў, вынік якіх еўрапейцам падаецца прадказальным.