Еўрапейскі суд не зняў замарозку рахункаў літоўскай кампаніі Шакуціна

Аляксандр Шакуцін

Аляксандр Шакуцін

Суд Еўрасаюза прызнаў абгрунтаванай замарозку рахункаў літоўскай кампаніі EM System. Фірма не ўваходзіць у "чорныя спісы" ЕС, але 50% кампаніі належаць бізнесоўцу Аляксандру Шакуціну, які знаходзіцца пад санкцыямі.

У рашэнні суда гаворыцца, што актывы кампаніі могуць быць замарожаныя, калі яна кантралюецца асобай, уключанай у санкцыйны спіс: "Кантроль над кампаніяй, а таксама над яе сродкамі і эканамічнымі рэсурсамі мяркуецца, калі асоба, уключаная ў спіс, валодае 50% доляй у гэтай кампаніі".

Шакуцін трапіў пад санкцыі Еўрасаюза 17 снежня 2020 года. На наступны дзень два літоўскія банкі (SEB і Citadele) замарозілі сродкі кампаніі EM System, спаслаўшыся на тое, што 50% акцый належаць бізнесоўцу з санкцыйнага спісу.

EM System спрабавала размарозіць рахункі праз літоўскія суды і дайшла да Вярхоўнага суда. Ён звярнуўся з запытам Суд ЕС — і атрымаў адказ пра абгрунтаванасць замарозкі.

Таксама Суд ЕС адзначыў, што дзяржавы-сябры Еўрасаюза павінны вызначыць працэдуру, каб кампаніі ды падсанкцыйныя асобы маглі аспрэчваць замарозку сродкаў, калі яны не трапілі ў санкцыйныя спісы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.