Еўракамісія прапанавала краінам ЕС знізіць спажыванне газу на 15%

Перад пагрозай спынення паставак расійскага газу Еўракамісія прапанавала краінам ЕС добраахвотна зменшыць яго спажыванне. Да канца сакавіка 2023 года яно павінна скараціцца на 15% у параўнанні з сярэднім спажываннем за той жа перыяд у 2016-2021 гадах. 

Пры гэтум у ЕК не выключаюць, што гэтая мера можа стаць юрыдычна абавязковай, калі Расія сапраўды спыніць пастаўкі газу ў Еўропу. У такім разе Еўракамісія атрымае права пасля кансультацый з краінамі-чальцамі абвяшчаць трывогу ў маштабах усяго Еўрасаюза.

Прапанова Еўракамісіі павінна быць ухвалена пераважнай большасцю краін ЕС. Яна будзе абмяркоўвацца ў пятніцу, 22 ліпеня, на ўзроўні дыпламатаў ЕС. Зацвердзіць гэтыя меры міністры энергетыкі краін ЕС могуць ужо на сустрэчы 26 ліпеня.

Паводле папярэдняй ацэнкі Еўракамісіі, у выпадку суровай зімы пад пагрозай апынецца да 1,5 адсотка валавога ўнутранага прадукту ЕС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.