Эстонцы хочуць быць упэўненымі, што паліва ў іх баках — не з Беларусі

Пэўныя аб'ёмы расійскага і беларускага паліва ў Эстонію паступаюць. Але большая яго частка рээкспартуецца / pixabay
Пэўныя аб'ёмы расійскага і беларускага паліва ў Эстонію паступаюць. Але большая яго частка рээкспартуецца / pixabay

Эстонскае нафтавае аб'яднанне хоча быць упэўненым, што ў баках аўтаўладальнікаў не будзе беларускага або расійскага паліва, піша эстонскае медыя ERR. Аб'яднанне просіць Падаткова-мытны дэпартамент павысіць празрыстасць рынку.

Сярод іншага просяць зрабіць абавязковым у дакументах на адгрузку вадкага паліва запаўненне поля "краіна паходжання".

Кіраўнік асацыяцыі нафтавікоў Март Раамат тлумачыць, што пэўныя аб'ёмы расійскага і беларускага паліва ў Эстонію паступаюць. Але большая яго частка рээкспартуецца.

"Таксама вядомыя выпадкі, калі расійскае дызпаліва выкарыстоўваецца для запраўкі судоў. Некалькі месяцаў таму была нават навіна пра тое, як караблі Viking Line запраўляюцца расійскім палівам побач з Талінам", — кажа Раамат.

І раз са статыстычных звестак вынікае, што расійскае паліва ў Эстоніі відавочна ёсць, асацыяцыя хоча даць аўтааматарам упэўненасць, што, прынамсі, яны не запраўляюць расійскім або беларускім дызелем свае аўто.

Раамат тлумачыць, што да ўварвання Расіі ва Украіну большая частка маторнага паліва, якое залівалі ў бак аўтаўладальнікі Эстоніі, выраблялася з расійскай нафты. Цяпер сітуацыя змянілася, паліва ў Эстонію паступае з Саудаўскай Аравіі, Нарвегіі і ЗША.

У каментары ERR прадстаўнік Падаткова-мытнага дэпартамента сказаў, што арганізацыя падтрымлівае прапановы, якія спрыяюць паляпшэнню нагляду за выкананнем санкцый. Але дадаў, што трэба будзе разгледзець мэтазгоднасць прапановы нафтавай асацыяцыі.

Эстонскія журналісты дадаюць, што ўжо цяпер у паліўных кампаній ёсць магчымасць адкрыта і з уласнай ініцыятывы падаваць звесткі пра паходжанне паліва, з якім яны працуюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі