Вы тут

ЕС і ЗША афіцыйна аб'явілі пра новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі

Аляксандр Лукашэнка / kremlin.ru

ЕС і ЗША афіцыйна аб'явілі пра новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі. Брусель дадаў у "чорны спіс" 78 фізічных і 8 юрыдычных асоб, а Вашынгтон — 16 фізічных і 5 юрыдычных асоб.

21 чэрвеня Еўрасаюз замарозіў актывы і ўвёў візавыя забароны ў дачыненні да 78 беларускіх афіцыйных асобаў (сярод іх — Дзмітрый Лукашэнка, жонка Віктара Лукашэнкі Лілія) і 8 прадпрыемстваў (БелАЗ, МАЗ, "Новая нафтавая кампанія" і г. д.). Іх спіс ужо апублікаваны ў афіцыйным часопісе ЕС. Падкрэсліваецца, што рашэнне прынята "з-за эскалацыі сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і з-за жорсткіх рэпрэсій у дачыненні грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў".

"Сярод тых, на каго накіраваныя санкцыі, некалькі вядомых бізнесменаў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі і карыстаюцца ім, — заяўляюць у ЕС. — Санкцыі даюць ім моцны сігнал: падтрымка Аляксандра Лукашэнкі каштуе значных выдаткаў".

Вядома, што ў "чорны спіс" ЗША трапілі Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Мінску, КДБ, ГУБАЗіК МУС, унутраныя войскі, УУС Брэсцкага аблвыканкама, кіраўніца Савета Рэспублікі  Наталля Качанава, кіраўнік КДБ Іван Тэртэль, былы кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў, прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант, генпракурор Андрэй Швед і г. д.

Ужо на гэтым тыдні чакаецца працяг — міністры замежных спраў ЕС у панядзелак пагадзіліся на эканамічныя санкцыі супраць афіцыйнага Мінска. Чакаецца, што гэта будзе ўдар па калійным, нафтавым і банкаўскім сектарах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.