Ермакова vs Калаур: хто лепш спраўляецца з дэвальвацыяй?

За 24-25 жніўня курс рубля да еўра і долара знізіўся прыкладна на 6-7%. Па Нацбанку да 20 474 і 17 836 адпаведна. Пры гэтым больш павольнае падзенне цягнулася каля 10 дзён. Прычынай эксперты называюць зніжэнне сусветных коштаў на нафту і аслабленне курса расійскага рубля, які цягне за сабой наш.

У выніку ля абменнікаў ізноў чэргі, а людзі ў іх гавораць пра тое, куды падзець рублі і што на іх набыць. Амаль як у снежні мінулага года.

Эканаміст Вадзім Іосуб супакойвае. Хоць курс рубля, відаць, будзе паніжацца далей, поўнага паўтарэння снежня 2014 года не будзе. Галоўная прычына — у новай палітыцы Нацыянальнага банка:

“Сітуацыя моцна адрозніваецца. Як мы памятаем, калі называць рэчы сваімі імёнамі і камісію на набыццё валюты прызнаць дэвальвацыяй, тады курс абваліўся на 30%, за адзін дзень. Гэта было вынікам таго, што Нацыянальны банк штучна ўтрымліваў курс долара. Цяпер, здаецца, ніхто не займаецца штучным утрыманнем курса, умяшаннем у курсаўтварэнне. Дзякуючы гэтаму, курсы мяняюцца больш плаўна. У снежні 2014 года ў выніку разавага рэзкага абвалу людзі кінуліся ў абменнікі, у крамы. Цяпер, дзякуючы павольнаму зніжэнню курсаў, гэтага мы не бачым”, — сказаў Іосуб.

Словы аналітыка пацвярджае сам Нацбанк. У “чорны панядзелак” там чарговы раз заяўляюць, што “Усе дзеянні Нацыянальнага банка, якія плануюцца, былі агучаныя ў спецыяльным паведамленні літаральна некалькі дзён таму. Нічога не змянілася”. Маецца на ўвазе тое самае паведамленне, дзе гаварылася пра валатыльнасць і абсарбент неспрыяльных фактараў. Падаецца, цяпер усе добра зразумелі, што такой загадкавай мовай хацелі сказаць людзям у галоўнай фінансавай установе краіны.

З іншага боку, паводзіны Нацбанка, які раптам узгадаў пра існаванне свабоднага рынку валют, выглядаюць не цалкам лагічна. Усё ж выбарчы год, да пераабрання Аляксандра Рыгоравіча застаецца крыху больш за месяц, а табло абменнікаў быццам апазіцыі прадалося. Чаму пры новым кіраўніку Нацыянальнага банка стала магчымым тое, чаго не здаралася ні пры Пракаповічы, ні пры Ермаковай?

Сакрэт раскрывае эканаміст Леанід Злотнікаў. Эксперт кажа, што цяпер умешвацца ў працэс утварэння курсаў валют Нацыянальны банк не вельмі можа нават пры вялікім жаданні. У яго проста няма на гэта грошай:

“У 2014 годзе Беларусь брала больш крэдытаў, чым аддавала. Знешні доўг краіны рос. Цяпер вось за першы квартал 2015 года і за першае паўгоддзе мы пачалі менш пазычаць, нам менш даюць грошай, і Нацыянальны банк вымушаны аперыраваць ва ўмовах, калі крэдытаў паступае менш, чым прыходзіцца аддаваць. Гэта ў сваю чаргу вымушае моцна берагчы залатавалютныя рэзервы”, — расказвае Злотнікаў.

Як вынік, Нацыянальны банк адмовіўся ад падтрымкі курса рубля, што патрабуе вялікіх рэсурсаў. Што з гэтага вынікае, мы бачым на маніторах абменнікаў і сайце самога Нацбанка. А асноўная розніца з канцом 2014 года ў тым, што няма сюрпрызаў кшталту збору на набыццё валюты, альбо яе адсутнасці ў банках.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі