Эльжбета Радзівіл: Калі б не камуністы, я б размаўляла па-беларуску

Князёўна знайшла ў Беларусі сябровак і паабяцала ім перадаць з Польшчы неабходныя лекі
У часе сваіх беларускіх вакацыяў 91-гадовая князёўна Эльжбета Радзівіл нечакана змяніла планы — і вырашыла адна застацца ў Беларусі яшчэ на тры дні. Астатнія Радзівілы ад’ехалі, а пані Эльжбета патлумачыла мэту працягу свайго адпачынку.

Па-першае, ёй хацелася прайсціся яшчэ раз па сваім родным парку ды выпіць кавы ў адноўленай частцы замку. Па-другое, яшчэ ў 1993 годзе, у часе першага спантаннага прыезду ў Беларусь пасля вайны, яна пазнаёмілася з дзьвюма спадарынямі — выкладчыцамі з нясвіжскіх школаў.

Зараз, праз 16 гадоў, пані Эльжбета прагнула адшукаць тых даўніх знаёмых. Аднак яна не памятала іхных прозвішчаў і дакладных імёнаў. Дапамог выпадак. У часе шпацыру па старадаўнім кляштары бенедыктынак яна спаткала мясцовага жыхара паважнага ўзросту. Высветлілася, што раней ён працаваў дырэктарам школы. І даволі хутка паводле апісання здагадаўся, пра каго ідзе гаворка.

Затэлефанаваў — і вось ужо праз паўгадзіны Эльжбета Радзівіл і Галіна Паторская сядзяць на лавачцы ў парку і гавораць — па-англійску і па-польску. Тэмы — самыя розныя: у каго дзе жывуць дзеці, кім працуюць, колькі ўнукаў.

Як людзі пенсійнага веку, пагаварылі і пра балячкі. У спадарыні Галіны хворыя ногі, і пані Эльжбета паабяцала прыслаць ёй з Варшавы адмысловыя гумовыя шкарпэткі, якія дапамагаюць хадзіць з меншым болем. На развітанне спадарыня Галіна запрэзэнтавала Эльжбеце Радзівіл набор аршанскіх ільняных ручнікоў.

Галіна Паторская: Такі маленькі прэзэнцік — беларускія ільняныя ручнікі на кухню. І арнамент беларускі тут…

Эльжбета Радзівіл: Але нашто вы так турбаваліся, нашто рабілі гэта?..

Галіна Паторская: Каб вы, карыстаючыся, памяталі пра мяне…

Эльжбета Радзівіл: Кожны дзень!.. (смяецца і пачынае лічыць ручнікі) Гэта на панядзелак-аўторак, гэта на сераду-чацвер, а гэта на пятніцу-суботу!.. Ільняныя вырабы — гэта цудоўна і фантастычна!..





З падарункаў вярнуліся да тэмы здароўя.

Эльжбета Радзівіл: У вас няма алергіі на пластыр?

Галіна Паторская: Не, я заўжды прычапляю бінт пластырам!

Эльжбета Радзівіл: А ці даюць вам лекары штодня аспірын?

Галіна Паторская: Часта, але не штодня.

Эльжбета Радзівіл: Што-дня! Штодня прымайце аспірын!

Галіна Паторская: Вой, я за ўсё жыццё ўжо столькі гэтага аспірыну выпіла…

Эльжбета Радзівіл: А гэты мой — асаблівы. Спецыяльны — для старых людзей. Мой сын, які мае нашмат горшыя чым у вас ногі, п’е яго штодня.





Таксама Эльжбета Радзівіл лёгка запомніла, якія трэба бандажы-шкарпэткі спадарыні Галіне, бо ў пані Эльжбеты такі самы памер нагі.

Эльжбета Радзівіл: Бандажы — я памятаю — трыццаць восьмага… Бо мае боты таксама трыццаць восьмага!..



Назаўтра ў рэстарацыі ля ратушы адбылася сустрэча з іншай знаёмай з 1993 года — спадарыняй Эльжбетай Трапейкай. Цёзка адразу выбачылася перад князёўнай за сваю дрэнную польскую мову.



Эльжбета Трапейка: Я, ведаеце, так дрэнна цяпер размаўляю па-польску, бо даўно не размаўляла… Нават ўчора з вамі цяжка пагаварыла па тэлефоне…

Аднак Эльжбета Радзівіл адказала на гэта самым нечаканым чынам.

Эльжбета Радзівіл:
А я зараз скажу не зусім прыемную для вас рэч. Бо гэта сорам і ганьба — тут нібыта Беларусь, а вы гаворыце па-расейску!..

Эльжбета Трапейка: Мы па-беларуску размаўляем…

Эльжбета Радзівіл: Не!

Эльжбета Трапейка: Па-беларуску!

Эльжбета Радзівіл: Мала!.. А мой бацька размаўляў па-беларуску! І я скажу яшчэ адную рэч. Калі б камуністы не выгналі адсюль Радзівілаў, я б размаўляла па-беларуску. Бо мой бацька вельмі добра размаўляў па-беларуску!



Спадарыня Эльжбета Трапейка згадала цікавы эпізод, звязаны з бацькам пані Эльжбеты князем Альбрэхтам Радзівілам.

Эльжбета Трапейка: Я памятаю, мой брат расказваў, як у князя быў дзень народзінаў, а брат граў у аркестры. І іх папрасілі зайграць. Яны гралі ў замку, выйшаў князь і на знак падзякі сказаў: ідзіце ў рэстарацыю і замаўляйце там піць-есці колькі хочаце, я заплачу…

Эльжбета Радзівіл: Тыповы тата! Тыповы!..

Эльжбета Трапейка: Затым ім прыйшоў рахунак, а князь сказаў: што вы за музыкі, што так мала патрацілі грошай!..



Князёўна Эльжбета Радзівіл у часе тыднёвых вакацыяў у Нясвіжы знайшла сябровак, з  якімі не бачылася 16 гадоў. Паабяцала перадаць з Варшавы неабходныя лекі і паўшчувала, што ў Беларусі мала гавораць па-беларуску.




Глядзі таксама:

Эльжбета Радзівіл прыехала ў Беларусь на вакацыі

Эльжбета Радзівіл наведала сямейную рэзідэнцыю Радзівілімонты

Радзівілы даказалі музею, што карціна ў экспазіцыі падпісаная памылкова


Тайна медальёну Эльжбеты Радзівіл

Радзівілы сказалі міністру Латушку: вежу-цыбуліну на замку трэба змяніць

Эльжбета Радзівіл. Фотасесія ў Ружанах

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі