Эксперт: Якасна падрыхтаваных назіральнікаў у Беларусі недастаткова

Выбары ў Беларусі настолькі непразрыстыя, што назіранне не дазваляе сабраць доказы фальсіфікацый. Любое рашэнне старшыні камісіі па выдаленні назіральніка — законнае. А тое, што міжнародных назіральнікаў дапускаюць да падліку галасоў удвая часцей, чым сваіх, ніяк не змяняе вынікаў выбараў
Пра асаблівасці беларускага назірання разважаюць спецыяліст у галіне выбараў, юрыст Сяргей Альфер, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту, юрыст па адукацыі Алег Гулак і палітолаг Віталь Сіліцкі.

Пачатак дыскусіі:

Частка 1
Частка 2


Кожны раз, калі праходзяць выбары, старшыня Цэнтрвыбаркаму кажа, што, у прынцыпе, ніякіх асаблівых заўвагаў не было. А калі яны і былі, то не паўплывалі на вынікі. І кожны раз усе мяркуюць, што асаблівых заўвагаў няма, таму што назіранне за выбарамі вядзецца непрафесійна альбо яго ўвогуле няма. Наколькі прафесійна ў нас вядзецца назіранне за выбарамі?


Гулак: Назіранне на даволі прафесійным узроўні. У нашых назіральнікаў ужо вялікі досвед — пачынаючы з 2000 года, у краіне сфарміраваная і дзейнічае сістэма назіральнікаў. Іншая справа, што практыка правядзення выбараў станавілася ўсё больш непразрыстай. Сёння мы маем такую сітуацыю, што ўзровень празрыстасці выбарчых працэдур на ўсіх этапах настолькі нізкі, што назіранне не дазваляе сабраць доказы фальсіфікацый ці сур’ёзных парушэнняў. Назіральнікі канстатуюць толькі тое, што ўсе працэдуры непразрыстыя.

То бок, нічога нельга заўважыць?

Гулак: Можна заўважыць толькі тое, што нічога нельга заўважыць. А калі нічога нельга заўважыць, адпаведна, немагчыма сабраць доказы. Практычна задача назірання зводзіцца да таго, каб пацвердзіць, што выбары былі непразрыстымі.

Але каб даведацца смак баршчу, неабавязкова з’ядаць усю талерку, дастаткова — лыжку. То бок, можна ўзяць некалькі выбарчых участкаў, любога ўзроўню, і правесці там масавае назіранне. І такім чынам сабраць нейкія пэўныя доказы. Такое было калі-небудзь зроблена?

Альфер: На выбарчым участку галасаванне праходзіць з поўным выконваннем працэдуры — сядзіць камісія, бюлетэні выдаюць па адным, людзі галасуюць па адным. Усё галасаванне адбываецца цалкам адпаведна з законам. Адзінае — калі пачынаецца падлік галасоў, назіральніка садзяць на адлегласць 10 метраў. І далей яны зноў-такі з выконваннем працэдур моўчкі падводзяць вынікі галасавання, падпісваюць пратакол. У дадзеным выпадку сказаць, што тут парушаныя нормы закона, назіральнік проста не можа.

Таму ўсе заявы, што паступаюць ад назіральнікаў, — дробныя: вось двое зайшлі ў кабіну для галасавання, камусьці выдалі два бюлетэні ў адны рукі і г.д. Усе гэтыя парушэнні відавочна не ўплываюць на рэальнае волевыяўленне выбаршчыкаў. І тут заявіць, што сам працэс праходзіць з сур’ёзнымі парушэннямі, немагчыма. Дзень выбараў практычна на ўсіх выбарчых участках праходзіць ледзьве не ў поўнай адпаведнасці з нормамі выбарчага заканадаўства… Калі не лічыць ўкіданняў, прыпісак альбо напісання цалкам не адпаведных рэальнасці пратаколаў галасавання.

Гулак: Я ўсё ж такі лічу, няправільна казаць, што выбары адбываюцца цалкам у адпаведнасці з законам, таму што прынцып галоснасці і адкрытасці выбараў — гэта тое, што запісана ў законе. Калі гэты прынцып парушаны — значыць, выбары праводзяцца з прынцыповымі парушэннямі заканадаўства.

Іншая справа, што гэтыя прынцыповыя парушэнні не сведчаць напрамую пра фальсіфікацыі. А вось злавіць на фальсіфікацыях без галоснасці і адкрытасці — немагчыма. Таму мы толькі кажам пра тое, што існуючая працэдура не дае падставаў верыць тым вынікам. І калі ўлады асэнсавана ідуць на тое, каб закрыць усе працэдуры ад назіральнікаў, у нас адразу ўзнікае цвёрдае падазрэнне, што гэта робіцца дзеля фальсіфікацыі.

Альфер: Тут яшчэ можна сказаць, што наш Выбарчы кодэкс на дзіва не ўтрымлівае асноватворнага прынцыпа працы выбарчых камісій — прынцыпа калегіяльнасці. І таму старшыня выбарчай камісіі можа самастойна выдаліць назіральніка, праводзіць масу іншых некалегіяльных рашэнняў, у тым ліку звязаных з падлікам галасоў.

Сіліцкі: Наконт таго, што вы сказалі пра боршч. Такія працэдуры магчымыя, але яны даюць толькі палітычную ацэнку працэса, а не юрыдычную. Нават калі мы назіраем з 10 метраў, усё ж такі ў прававой дзяржаве дзейнічае прэзумпцыя невінаватасці, і калі яны да нас павярнуліся спінамі, яшчэ трэба даказаць, што яны там фальсіфікуюць, а не сумленна падлічваюць. Такіх доказаў у нас проста няма.

Гулак: Мы гэты смак баршчу каштавалі не раз, падавалі скаргі і ў Цэнтрвыбаркам, і ў суды — усе магчымыя працэдуры мы прайшлі. І ведаем, што калі сёння назіральнік піша скаргу ў камісію, што, паводле яго меркавання, падлік быў праведзены няправільна, бо ён бачыў, што стосы за розных кандыдатаў былі прыкладна роўныя, а ў выніку апынулася, што за кандыдата ад улады ў 10 раз больш за апазіцыйнага — падобныя скаргі практычна не разглядаюцца. Таму што камісія кажа: у нас няма падставаў не давяраць членам участковых ці акруговых камісій.

А калі ён пры гэтым пакажа фотаздымак?

Гулак: Фатаграфаваць на ўчастку практычна не дазваляецца, адразу з’яўляецца міліцыянер. Фатаграфаваць можна толькі з дазволу старшыні камісіі.

Альфер: Сітуацыя абсалютна прымітыўная. Калі, паводле меркавання старшыні камісіі, тым, што назіральнік проста знаходзіцца на выбарчым участку, ён перашкаджае дзейнасці выбарчай камісіі — ён выдаляецца. Любое рашэнне старшыні ўчастковай камісіі па выдаленні назіральніка законнае. Ён лічыць, што перашкаджае. Усё.

У якіх выпадках выдалялі назіральнікаў?

Альфер: У законе напісана “ў выпадку, калі назіральнік перашкаджае дзейнасці выбарчай камісіі, рашэннем старшыні ён выдаляецца з тэрыторыі выбарчага ўчастку”. Гэты вельмі суб’ектыўны панятак юрыдычна ніяк не зафіксаваны. Старшыня лічыць: вось я пасадзіў цябе на 10 метраў, ты ўстаў і зрабіў крок — значыць, перашкаджаеш.

А ці была такая сітуацыя, калі назіральнік штосьці заўважаў, звяртаў увагу старшыні — і да яго прыслухоўваліся?

Гулак:  Такія сітуацыі, канечне, бываюць, калі назіральнік кажа: глядзіце, два чалавекі зайшлі ў кабінку для галасавання. Па такіх тэхнічных пытаннях да назіральнікаў як правіла прыслухоўваюцца. Але не гэтыя парушэнні ўплываюць на вынікі выбараў. А ўжо па прынцыповых пытаннях кантакту не знаходзяць.

А калі падчас падліку галасоў, напрыклад, прыязджае на ўчастак замежны назіральнік — сітуацыя неяк змяняецца? Гэта ўплывае нейкім чынам на выбарчую камісію?

Альфер: На апошніх выбарах прыезд на ўчастак замежных назіральнікаў стаў адной з падставаў прызнання выбараў несвабоднымі і несправядлівымі. На шэрагу ўчасткаў замежныя назіральнікі дапускаліся так сама, як і нацыянальныя — на адлегласці 10 метраў.

Адзінае што, яны збольшага не выдалялі замежных назіральнікаў з участку, хаця былі і такія выпадкі. У такой сітуацыі замежны назіральнік піша адпаведныя дакументы і адзначае, што не здолеў назіраць на дадзеным участку за падлікам галасоў. Па міжнародным назіранні гэта класіфікуецца як магчымая фальсіфікацыя вынікаў галасавання на дадзеным участку.

Гулак: На апошніх парламенцкіх выбарах сітуацыя была прыкладна такая: у 95% выпадкаў нацыянальных назіральнікаў не дапусцілі да рэальнага  назірання за падлікам галасоў. Міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ дапусцілі прыкладна ў 40%. Але што ў выніку бачылі назіральнікі? Назіральнікі бачылі толькі стосы бюлетэняў і маглі візуальна ацэньваць розніцу. Многія казалі пра тое, што іх адзнака не супадала з вынікам.

Тут яшчэ важна адзначыць, што, нягледзячы на тое, што беларускі закон дазваляе ўсім назіральнікам падаваць скаргі, назіральнікі АБСЕ скаргі ў выбарчыя камісіі не падаюць. Іх задача — паведаміць свайму кіраўніцтву пра тое, што яны бачылі, і пра свае высновы. А вось скаргі, якія падавалі нацыянальныя назіральнікі, і ў гэтых выбарах, і ў папярэдніх, не былі эфектыўнымі, таму што рэальнай сур’ёзнай працэдуры праверкі гэтых скаргаў не існуе. У камісіі існуе іншая задача — паказаць, што назіральнікі былі прадузятымі.

Што важна — скаргі падаюць толькі незалежныя альбо апазіцыйныя назіральнікі. Тыя тысячы назіральнікаў, якіх арганізоўвае ўлада, — іх задача проста папрысутнічаць.

То бок, у гэтай сітуацыі ўвогуле мы не можам казаць пра асноўныя памылкі назіральнікаў? Ці ўсё ж такі можа неяк палепшыць працэс назірання нават у такіх складаных умовах?

Гулак: Пра памылкі ўсё адно казаць трэба. Нават у гэтых складаных умовах шмат што залежыць ад прафесіянальнасці назіральнікаў. Чым лепш падрыхтаваны чалавек, тым больш ён можа дабіцца. Назіральнікаў трэба вучыць, трэба рыхтаваць, развіваць іх навыкі, але іншая справа, што рэальная колькасць назіральнікаў, якая б дазваляла пакаштаваць смак баршчу, — гэта парадку 2500-3000 чалавек. І такая колькасць людзей, якія былі б прафесіяналамі ў выбарчым праве і спецыялістамі ў псіхалогіі, аб’ектыўна падрыхтаваць немагчыма.

Альфер: Якасна падрыхтаваных назіральнікаў па Беларусі будзе чалавек 500, што відавочна недастаткова. На парламенцкіх выбарах гэтым можна закрыць 15 выбарчых акругаў, а іх 110.

Члены выбарчых камісій у асноўным жанчыны, а назіральнікі ў нас хто ў асноўным — жанчыны ці мужчыны?

Гулак: Вельмі па-рознаму, але гендэрны баланс у назіраннях нашмат больш захаваны, чым у выбарчых камісіях.

Альфер: Я думаю, ён больш-менш адпавядае гендэрнаму балансу ў краіне.

Цяпер мы знаходзімся ў сітуацыі, калі праз год пачнуцца чарговыя выбарчыя кампаніі. Гэта значыць, што ўжо сёння павінна пачацца сур’ёзная праца па падрыхтоўцы назіральнікаў. Пры гэтым мы сёння яшчэ не маем адказу на пытанне, а ці будзе сэнс у сур’ёзным назіранні, ці будуць зробленыя хоць нейкія крокі ў накірунку адкрытасці гэтых працэдураў. Таму што марнаванне чалавечых рэсурсаў на бессэнсоўнае назіранне — недазваляльная раскоша ў нашай сітуацыі.

Складанасць у тым, што апошнія выбарчыя кампаніі не давалі станоўчага досведу назірання. Нам фактычна трэба вучыць людзей таму, як дзейнічаць, калі сітуацыя зменіцца.

Гулак: Яшчэ адна праблема, з якой сутыкаецца назіранне, — гэта датэрміновае галасаванне. Ва ўмовах, калі 30%, а на некаторых участках да 70%, галасуюць датэрмінова — вельмі важна забяспечыць назіранне на датэрміновым галасаванні. А гэта 5 працоўных дзён. Адпаведна, знайсці людзей, якія былі б разумныя, падрыхтаваныя і яшчэ не працавалі — вельмі цяжка. У нашых умовах датэрміновае галасаванне варта было б увогуле адмяніць, у тым ліку з-за таго, што яго практычна немагчыма дастаткова эфектыўна назіраць.

Якое назіранне больш эфектыўнае — калі гэта незалежны назіральнік альбо назіральнік ад пэўнага кандыдата? Мне, напрыклад, заўсёды здавалася, што назіральнік ад кандыдата больш заўзята будзе назіраць…

Сіліцкі: Раней так і было: калі ў выбарах была хоць нейкая інтрыга і канкурэнцыя, то натуральна, што назіральнікі ад кандыдатаў так разыходзіліся!

Альфер: Нават назіральнікі за назіральнікамі сачылі. Але цяпер усе назіральнікі знаходзяцца ў абсалютна аднолькавых умовах, канкурэнцыі паміж імі ніякай няма…

Гулак: Тут ёсць некаторы нюанс ў тым, што розніца ў мэтах назірання тут усё ж такі захоўваецца. Мэта назірання, якое арганізоўвае сам кандыдат, — дапамагчы кандыдату дамагчыся выніку. Гэта азначае, што назіральнікі не будуць зважаць на парушэнні з боку самога кандыдата, па-першае. Па-другое, калі кандыдату не даюць прайсці, іх задача — сабраць як мага больш доказаў парушэння яго правоў.

У незалежнага назірання ў гэтай сітуацыі, канечне, стаіць задача фіксаваць парушэнні адносна ўсіх кандыдатаў.

Альфер: Такім чынам, я падвяду вынік. Калі ўсе члены выбарчага працэсу будуць мець магчымасць кантраляваць другіх членаў, а камісіі будуць створаныя на плюралістычнай аснове — у гэтым выпадку неабходнасць партыйнага назірання аўтаматычна губляецца. А неабходнасць незалежнага назірання будзе важнай толькі дзеля таго, каб адзначыць, што камісіі працавалі цалкам у адпаведнасці з Законам, таму што у дадзенай сітуацыі сфальсіфікаваць выбары будзе вельмі цяжка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі