Эксперт: У Клайпеду Мясніковіча запрасіў бізнес, а не афіцыйная Вільня

Еўрарадыё: Якая можа быць карысць для Беларусі і Літвы ад бізнес-форума, што праходзіў на мінулым тыдні ў Клайпедзе?

Віціс Юрконіс: Карысць ад удзелу ў гэтым форуме для афіцыйнага Мінска ёсць. Для палітыкі балансавання, якую праводзіць афіцыйны Мінск, рыторыка пра цікавасць еўрапейцаў да інвеставання ў Беларусь вельмі карысная. Бізнес-форум дае магчымасць уладам ствараць імідж краіны, якая не толькі добра спраўляецца з інвестыцыямі, але і што шмат хто жадае інвеставаць у Беларусь. Тым не менш было некалькі рашэнняў, важных для Літвы. Найперш, "Белкалій" зрабіў сваё інвеставанне ў Літве ("Беларуськалій" набыў 30%  клайпедскага тэрмінала за 30 мільёнаў долараў. — заўв. Еўрарадыё). А гэта азначае большую прывязанасць да клайпедскага парта, транзіт праз клайпедскі порт будзе пастаянным. Увогуле літоўскія бізнесмены кажуць, што сустрэчы былі дастаткова добрымі, абодва бакі засталіся задаволеныя.

Еўрарадыё: Афіцыйныя беларускія СМІ паведамілі, што, нібыта, літоўскі прэм’ер не выключае пацяпленне адносінаў паміж Беларуссю і ЕС. І нават нібыта сцвярджаў, што старшынства Літвы ў ЕС паспрыяе гэтаму пацяпленню. Гэта сапраўды магчыма?

Віціс Юрконіс: Я не думаю, што такія спадзяванні афіцыйнага Мінска сапраўды маюць пад сабой глебу. Бізнес ёсць бізнес, і так было заўжды. Нават, калі ў Вільні выказвалі вельмі жорсткую пазіцыю наконт парушэння правоў чалавека ў Беларусі, рост гандлю паміж краінамі быў. Тое ж самае і тут: калі мы падпісваем нейкія дамовы наконт інвестыцый і бізнесу, то гэта не азначае, што правы чалавека, пытанні дэмакратыі мы выкідваем з парадку дня. Тое ж будзе і падчас старшынства Літвы — пра гэта кажуць і палітыкі Літвы. Але для беларускіх уладаў удзел у гэтым форуме — магчымасць казаць унутранай і знешняй аўдыторыі, што гэта, нібыта, прарыў вялікі, Літва будзе лабіраваць парадак дня беларускага рэжыму. Можа, нейкія асобныя бізнесмены, якія маюць інвестыцыі ў Беларусі, і будуць шумець, але… Не трэба змешваць бізнес і палітыку, а гэты форум — ініцыятыва бізнесу, індустрыялістаў і гэтак далей. Увогуле, наколькі я ведаю, афіцыйнага запрашэння Вільня ў Мінск не дасылала — дэлегацыя беларускіх чыноўнікаў прыехала на форум на запрашэнне бізнесу.


Еўрарадыё: На эканамічным форуме ў Лондане беларуская дэлегацыя, нібыта, заключыла шматмільённыя пагадненні і кантракты, з якіх у выніку нічога так і не было рэалізавана. Ці не чакае тое і бізнес-дамоўленасці клайпедскага форума?


Віціс Юрконіс: Трэба падзяляць рыторыку ўлады і рэальныя дасягненні. Нават калі нейкія дасягненні былі, то як гэта мяняе палітычную сітуацыю ў краіне? Безумоўна, нейкія канкрэтныя дамовы зараз былі, але былі яны і раней. Аднак ці паўплываюць яны на эканоміку Беларусі такім чынам, што яна зменіцца на 100%? Я не думаю, што Літва — такая вялікая краіна, што яна зможа змяніць курс эканомікі Беларусі. Самы галоўны рэцэпт сёння для рэжыму — вызваліць палітзняволеных, палепшыць сітуацыю з правамі чалавека, стаць больш адкрытымі для інвестыцый, зрабіць рынак больш адкрытым для канкурэнцыі. А калі яшчэ зарэгістраваць усе недзяржаўныя арганізацыі і палітычныя партыі, дазволіць ім легальна атрымліваць замежную падтрымку, то ўсе грошы, якія ідуць на падтрымку грамадзянскай супольнасці, ішлі б наўпрост у Беларусь. Калі гэтага не будзе зроблена, то сённяшнія інвестыцыі, якія ідуць у Беларусь, — гэта калі не "касметыка", то падтрымка непасрэдна ўлады. Тут мы кажам не пра грамадзян Беларусі, а пра Лукашэнку і блізкія да яго атачэння кампаніі. Гэта — іх асабісты інтарэс, і не думаю, што такія інвестыцыі будуць уплываць на агульную эканамічную сітуацыю ў краіне.

Еўрарадыё: Беларусь пагражала перанакіраваць транзітныя плыні з Літвы на Расію, у Калінінград. А зараз — набылі пакет акцый клайпедскага парта. Як гэта паўплывае на адносіны з Расіяй?

Віціс Юрконіс: Не першы раз беларускія ўлады гуляюць у гульню “балансаванне”. Дыверсіфікацыя, як і ў любой краіне, у вас будзе. Але зараз Мінск не можа сабе дазволіць раскошу неэфектыўных рашэнняў. Сёння абіраецца Клайпеда: не таму што тут нейкія добразычлівыя людзі і добрыя адносіны — проста таму што гэта эканамічна выгадна. І гэтыя набытыя 30% клайпедскага тэрмінала — гарантыя таго, што сітуацыя не будзе змяняцца ў бліжэйшыя гады. І зараз як літоўскі, так і беларускі бок могуць крыху расслабіцца — гандаль беларуска-літоўскі не спыніцца. Але калі паглядзець, якімі аб’ёмамі гэта робіцца, то можна ўпэўнена сказаць, што маштабна на агульную эканоміку краін гэта не паўплывае.

Фота: delfi.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі