Вы тут

Эксперт: рэжым Лукашэнкі дамоваздольны, можна абмяркоўваць усё, акрамя ўлады

Перамовы / Радзівілаўскі летапіс

Аляксандра Лукашэнку нельга прымусіць сесці за стол перамоваў з Паўлам Латушкам або Святланай Ціханоўскай. Каб дыпламатыя спрацавала, трэба ставіць рэалістычныя ўмовы, лічыць старшы аналітык Цэнтра новых ідэй Павел Мацукевіч.

"Калі звяртацца да прыкладаў, калі санкцыі і дыпламатыя спрацавалі, заўважым — там ставіліся рэалістычныя ўмовы. Чаму ўпарты Кадафі пагадзіўся па заканчэнні 12 санкцыйных гадоў выканаць умовы, якія перад ім ставіліся? Таму што не ставілася пытанне пра яго ўладу.

Умовы былі цалкам рэалістычныя. Трэба было выдаць людзей, якія збілі два пасажырскія самалёты. Трэба было адмовіцца ад тэрарызму. Урэшце ў выніку шматгадовых перамоваў яго пераканалі ў тым, што ў інтарэсах яго ўлады змяніць палітычны курс", — кажа суразмоўнік Еўрарадыё.
 

Рэжым-доўгажыхар з наскоку санкцыямі не возьмеш

Мяняць беларускі рэжым — задача саміх беларусаў, а не Еўрасаюза, лічыць Мацукевіч. А на перамовах павінна ставіцца пытанне вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій. Без рашэння гэтай задачы гаварыць пра іншыя перспектывы, новыя выбары, удзел у іх Лукашэнкі немагчыма.

"Вось такая ўмова — досыць складана дасягальная, таму што, я ўпэўнены, беларускія ўлады за гэта захочуць атрымаць нешта сваё. А яшчэ больш я ўпэўнены ў тым, што Масква не дасць Лукашэнку аднаўляць супрацоўніцтва з Еўропай.

Але калі гэта не аднавіць, не даць грамадзянскай супольнасці перадышку, то гаварыць у Беларусі пра перазагрузку сістэмы, пра змену рэжыму, перазагрузку ў прынцыпе немагчыма. Гэты рэжым доўгажыхар, і з наскоку, санкцыйна яго не знесці. Я шукаў у гісторыі прыклады, калі санкцыі дапамаглі знесці рэжым. Іх няма".

 

"З ім можна абмяркоўваць што хочаце, акрамя ўлады"

Пакуль што санкцыйная вайна выглядае так. ЕС хоча ўдарыць па рэжыме — трапляе ў "Гродна Азот". Лукашэнка адказвае ўдарам па грамадзянскай супольнасці. Мацукевіч лічыць, што выбіраць цяпер можна толькі з двух варыянтаў: альбо гэта працягнецца, альбо гэта спыняць.

"Гэта дрэнны выбар, але гэта трэба спыніць. Няма падставаў меркаваць, што рэжым спыніцца. Ён можа спыніцца, калі з ім дамовіцца. Ён дамоваздольны. З ім можна абмяркоўваць што хочаце, акрамя ўлады".

Мацукевіч прыводзіць прыклады: патэлефанаваў Майк Пампеа — адпусцілі Віталя Шклярава. Уступіў у справу Ватыкан — Тадэвушу Кандрусевічу дазволілі вярнуцца ў Беларусь. Два званкі Меркель — напружанне на мяжы з Польшчай спала, а самалёты пачалі вывозіць людзей.

"Гэта таго варта, таму што мы не ў тым становішчы, каб навязаць рэжыму свой парадак дня. Мы можам разбурыць эканоміку, мы можам пасадзіць яшчэ больш людзей сваімі нязграбнымі дзеяннямі, спрабуючы іх вызваліць. Рэжым можа выпусціць тых, хто сядзіць у турме, па пстрычцы. Таму што для яго не праблема пасадзіць іх назад.

Ці зможам мы абараніць іх, калі яны выйдуць? Для гэтага мы самі павінны падужэць. А мы пакуль толькі слабеем. І маральна, і фізічна".

Ад таго, што людзі збяднеюць, у іх не будзе расці цяга да супраціву. У жніўні 2020 года беларусы выходзілі не таму, што прасілі заробак, наадварот — выходзілі людзі паспяховыя, якія цяпер працягваюць рабіць сваё імя ў іншых краінах. І гэты працэс трэба спыніць.

Поўную версію гутаркі з Паўлам Мацукевічам глядзіце на канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.