Эксперт: Для бяспекі пешаходаў наземнага перахода ля ГЦ “Замак” дастаткова

Эксперт: Для бяспекі пешаходаў наземнага перахода ля ГЦ “Замак” дастаткова

Які пешаходны пераход будаваць, наземны ці падземны, вырашае ДАІ. Выбар вызначаецца з улікам розных фактараў. І калі ля сталічнага гандлёвага цэнтра “Замак” знаходзіцца наземны пераход, то, значыць, ён здольны забяспечваць бяспеку пешаходаў. Такое меркаванне выказала старшы выкладчык кафедры “Горадабудаўніцтва” БНТУ Паліна Вардзеванян, каментуючы смерць дзяўчынкі пад коламі грузавога аўтамабіля на пешаходным пераходзе 2 снежня.

Паліна Вардзеванян: “Паводле выкладак ДАІ, бяспека пешаходаў такой формай пераходу была забяспечаная нармальна. Яны вызначалі, яны ведаюць, колькі тут рухаецца людзей, колькі машын, з якой інтэнсіўнасцю. Ёсць сітуацыі, якія называюцца парушэннем правілаў дарожнага руху, а ёсць сітуацыі няшчаснага выпадку. Калі нічыёй віны няма, але так здарылася”.

Па словах эксперта, толькі з дапамогай разлікаў вызначаецца, наземны ці падземны пераход лепш будаваць. І толькі калі ДАІ вырашыць, што адным святлафорам абысціся нельга, то будуюцца падземныя пераходы.

Нагадаем, 2 снежня на пешаходным пераходзе на праспекце Пераможцаў у Мінску грузавы ЗІЛ уехаў у групу людзей, якія пераходзілі дарогу на зялёны сігнал святлафора. Як інфармуе Следчы камітэт, кіроўца заявіў, што ў машыны не спрацавалі тармазы. Загінула 11-гадовая дзяўчынка, яшчэ чатыры чалавекі трапілі ў лякарню. У выніку 55-гадовы кіроўца грузавіка затрыманы. Следствам даследуецца тэхнічны стан грузавіка, у тым ліку, спраўнасць і працаздольнасць тармазной сістэмы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі