Эксперт: Адміністрацыя калоніі можа адпомсціць Бяляцкаму за “чорны спіс”

30 кастрычніка становіцца вядома пра перамены ў санкцыях Еўрасаюза ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, суддзяў і бізнесменаў. З’ездзіць у Еўропу цяпер могуць ажно 13 былых фігурантаў дакумента. Гэта былыя суддзі, кіраўнікі выбарчых камісій, былы міністр інфармацыі Русакевіч і нават дзейныя галоўныя вайсковы і транспартны пракуроры. Таксама з-паз санкцыяў ЕС вызваленыя 5 беларускіх прадпрыемстваў.

“Яны выключаныя з “чорнага спіса” таму, што больш не было падставаў для іх знаходжання ў ім”, — каментуе для Еўрарадыё змены Мая Качыянчыч, спікер высокага прадстаўніка Еўракамісіі па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан. Пры гэтым чыноўніцы цяжка адказаць, чаму са спіса выкрасленыя менавіта гэтыя людзі і гэтыя прадпрыемствы.

Адзін з галоўных прыхільнікаў дыялогу паміж Брусэлем і Мінскам Аляксандр Мілінкевіч распавядае Еўрарадыё, што скарачэнне “чорнага спісу” — станоўчая з’ява:

“Гэта абсалютна слушны крок. Спіс неўяздных павінен быць дынамічным, ён не мусіць быць раз і назаўсёды. Хтосьці будзе дабаўляцца, хтосьці будзе знікаць з яго. Але спіс будзе заставацца, пакуль будуць палітвязні. Еўропа сваімі прынцыпамі не паступаецца”.

Разам з тым, Аляксандр Мілінкевіч скептычна ставіцца да магчымасці імклівага развіцця адносінаў паміж Мінскам і Брусэлем пасля скарачэння “чорнага спісу”. Гаворыць, што гэта беларускім уладам непатрэбна, пакуль ёсць падтрымка з Масквы:

“Я думаю, што гэта сігналы з Брусэля. Дыпламатыя — гэта палітыка маленькіх крокаў. І Брусэль дэманструе, што гатовы змяняць сітуацыю. Але мяч па-ранейшаму на баку Мінска, які не гатовы да зменаў. Павінны быць вызваленыя палітвязні. Ніякая іншая гульня не паправіць адносінаў Беларусі з Еўрасаюзам. Іншая справа, што пры такой татальнай падтрымцы Масквы Мінск не зацікаўлены ў развіцці адносінаў з ЕС”.

Акрамя 13 прозвішчаў, “чорны спіс” Еўрасаюза абяднеў яшчэ на 5 кампаній: "Дзелавая сетка", "Сістэмы інвестыцый і інавацый", "Сен-Ка", "БТ Інвест", "Тэхнасаюзпрыбор". Усе яны належаць Уладзіміру Пефціеву. І хоць сам ён пакуль са спіса не выключаны, з фірмаў усе абмежаванні знятыя. Па чутках, хітры бізнесмен папросту “перапісаў” іх на іншых людзей. А вось іншы “заблакаваны” Еўрасаюзам беларускі прадпрымальнік — Юрый Чыж — гэтага пакуль не зрабіў. Таму санкцыі засталіся нават на футбольным клубе “Дынама”.

Адначасова з выключэннем з “чорнага спіса” 13 беларусаў туды дадалі два новыя прозвішчы: кіраўніка Бабруйскай калоніі №2 Аляксандра Какуніна і яго намесніка Юрыя Трутко. Найхутчэй — за ціск на праваабаронцу Алеся Бяляцкага, які адбывае тэрмін акурат у Бабруйску.

Не так даўно Бяляцкага пазбавілі магчымасці бачыцца з роднымі, а таксама атрымліваць прадуктовыя перадачы. У размове з Еўрарадыё Аляксандр Какунін паведаміў, што каментаваць рашэнне ЕС не будзе. Маўляў, не мая справа гэта абмяркоўваць.

Былы адвакат і юрыст цэнтра “Вясна” Павел Сапелка называе дзеянні адміністрацыі калоніі незаконнымі і дадае, што ўключэнне Какуніна і Трутко ў “чорны спіс” ЕС можа нашкодзіць палітвязню.

“Не выключаю такой сітуацыі. На жаль, у нашых дзяржаўных органаў нейкія перпендыкулярныя рэакцыі. Здаецца, што калі табе ўказваюць на памылкі, іх трэба проста выправіць. А нашы ўлады хочуць паказаць, што яны разумнейшыя за іншых. І ведаюць, як трэба ўтрымліваць зняволеных, як іх трэба караць”, — гаворыць эксперт.

Беларускі МЗС тым часам паслабленне санкцый асцярожна прывітаў, заявіўшы, што “гэта пазітыўны крок, але ўвогуле рашэнне ЕС контрпрадуктыўнае”.

Мая Качыянчыч распавяла Еўрарадыё, што скарачэнне “чорнага спіса” ніяк не звязана з хуткім віленскім самітам Усходняга партнёрства. Маўляў, гэта проста планавыя перамены.

Фота Радыё "Свабода".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі