Экс-старшыня Белкаапсаюза атрымаў 12 гадоў турмы

Былы старшыня Белкаапсаюза Сяргей Сідзько асуджаны на 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Таксама яму прысудзілі штраф у 500 базавых велічынь і пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распараджальных абавязкаў на пяць гадоў. Вердыкт вынесены ў Вярхоўным судзе 14 жніўня. Сідзько абвінавачваўся ў атрыманні хабараў і злоўжыванні ўладай.

Два гады таму КДБ абвясціў, што выяўленая і спыненая супрацьпраўная дзейнасць групы асобаў з кіраўніцтва, супрацоўнікаў Белкаапсаюза і прадстаўнікоў камерцыйных структур, якія займаліся вымагальніцтвам за выдачу аб’ёмаў працы на аб’ектах спажыўкааперацыі, а таксама за продаж інвестарам зямельных участкаў і аб’ектаў нерухомасці. Памеры хабару дасягалі 500 тысяч долараў.  

Падчас перадачы чарговага хабару былі затрыманыя старшыня Белкаапсаюза Сяргей Сідзько, начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і інвестыцый гэтага саюза Дзмітрый Калодзезны, яго намеснік Элеанора Сізук, а таксама прадстаўнікі камерцыйных структур.

Дзмітрый Калодзезны атрымаў  5,5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і штраф у 300 базавых велічынь. Сізук асуджаная на 3,5 года абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу.

Па крымінальнай справе на розныя турэмныя тэрміны асуджаныя яшчэ некалькі адказных асобаў, якія былі звязаныя ў дзейнасцю злачыннай групы, паведамляе БелаПАН.

Фота: finatica.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі