Эканаміст: З-за Украіны беларускі рубель можа паскорыць падзенне

У панядзелак расійскі рубель прагназуема падае, абвальваюцца індэксы РТС ды акцыі шэрагу расійскіх кампаній. Каштоўныя паперы “Газпрама” — на 11,4%. Гэта першыя вынікі супрацьстаяння ў Крыме.

Па меркаванні фінансавага аналітыка афіцыйнага партнёра кампаніі “Альпары” Вадзіма Іосуба, для беларускай эканомікі ў гэтай сітуацыі трэба звяртаць увагу не на акцыі “Газпрама”, а як раз на курсы валют краін-суседак.

“Расійскія індэксы нас прама не кранаюць, валюта — фактар больш значны. Плаўнае падзенне расійскага рубля назіраецца некалькі месяцаў. Але ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі ў Крыме, паскорылася падзенне расійскага рубля. Беларускі рубель не падаў следам за расійскім, а плаўна абясцэньваўся да долара, а ў адносінах да расійскага рубля замацоўваўся. Хутчэй за ўсё, такая дынаміка захаваецца”, — кажа эканаміст.

Падзенне ж індэксаў у дачыненні да беларускай эканомікі не такое важнае.

“Падзенне біржавых індэксаў будзе азначаць, што таннеюць акцыі расійскіх кампаній, гэта, у прынцыпе, азначае пагаршэнне расійскай эканомікі. Гэта прывядзе да яшчэ больш моцнага падзення попыту на беларускую прадукцыю. Гэта мы адчуем цягам часу”.

Пагрозы для Расіі ў сувязі са зніжэннем акцый ды індэксаў пакуль няма — у гэтай краіны добрая падушка бяспекі ў выглядзе нафты, газу. Але, па меркаванні эканаміста Леаніда Злотнікава, развівацца без інвестыцый Расія далей не зможа.

“Расія вытрымае пікавыя нагрузкі на біржы, але ў будучыні не зможа развівацца ні без заходніх інвестыцый, ні без заходніх тэхналогій. Расіі трэба ад 2 да 4 трыльёнаў долараў, каб падцягнуць энергетычную інфраструктуру. І такіх дзірак шмат. Грошай не хопіць без заходніх інвестыцый. Будучыня для Расіі страшнейшая за тыя грошы, якія могуць пайсці на інвеставанне Крыма”.

Наколькі цягам часу дэвальвуюцца грыўна ды рубель, эканамісты не бяруцца прагназаваць. Але Беларусі такая сітуацыя пагражае зніжэннем канкурэнтаздольнасці беларускага экспарту. Таму цяпер беларускія сыры, да прыкладу, даражэйшыя за імпартныя. Каб выратаваць экспарт, выйсце даволі зразумелае — дэвальвацыя. Як заўважае Вадзім Іосуб, на фоне апошніх падзеяў, беларускі рубель можа паскорыць сваё падзенне.

“Магчыма, можна будзе спрагназаваць невялікае паскарэнне тэмпаў паслаблення беларускага рубля да долара”, — кажа Вадзім Іосуб.

На думку эканамістаў, сцэнарый з плаўным абясцэньваннем беларускага рубля будзе і далей выконвацца беларускімі ўладамі.