Дзясяткі беларусак патрацілі грошы на неіснуючыя конкурсы прыгажосці. Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта Беларусі, махляры завалодалі агулам больш за 46 тысячамі рублёў. Распачатая крымінальная справа. У ёй 21 пацярпелая.
Махляры змясцілі ў сацсетцы аб'яву пра правядзенне конкурсаў прыгажосці "Міс і Місіс Мінск", а таксама "Місіс Беларусь 2022". Дзяўчаты, пабачыўшы яе, звязваліся з арганізатарамі. Ім давялося праходзіць некалькі сумоўяў па тэлефоне, пасля чаго атрымлівалі пацвярджэнне аб праходжанні кастынгу (ім дасылалі СМС). Далей яны рыхтавалі "відэа-візітоўку", заключалі дамовы і ўносілі "арганізацыйны ўнёсак". Калі махляры атрымалі грошы, яны спачатку пад рознымі падставамі адкладалі далейшыя мерапрыемствы, а пасля перасталі выходзіць на сувязь. Дзяўчаты ж звярнуліся ў міліцыю.
Мяркуецца, што пацярпелых можа быць больш.