Вы тут

Дзяржсакратар ЗША падтрымаў беларусаў у гадавіну затрымання Ціханоўскага

Энтані Блінкен / European Commission

Святлана Ціханоўская заклікала сусветную супольнасць выказаць салідарнасць з Беларуссю ў гадавіну затрымання яе мужа, Сяргея Ціханоўскага. Адгукнуўся нават дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

“У гэты Дзень салідарнасці з Беларуссю мы помнім пра пакуты, выкліканыя прыгнечаннем праў чалавека рэжымам Лукашэнкі, грэбаваннем міжнароднымі нормамі і саўдзелам у вайне Расіі супраць Украіны. Мы разам з беларускім народам сёння і кожны дзень”, — напісаў у сваім Твітар-акаўнце Энтані Блінкен.

Амбасада ЗША ў Беларусі заклікае да міжнароднай салідарнасці

Выказалася таксама ўдава сенатара Джона Макейна Сіндзі Макейн. Яна ўспомніла пра тое, што яе муж быў ваеннапалонным і правёў у палоне больш за пяць гадоў. Ён адмовіўся быць вызваленым да таго, як вызваляць іншых палонных.

Яна параўнала гэта з дзеяннямі Святланы Ціханоўскай, якая “ставіць іншых на першае месца, адмаўляючыся ад прывілеяванага дачынення да свайго мужа і патрабуючы волі для ўсіх 1200+ палітвязняў у Беларусі”.

“Я захапляюся яе самаадданасцю і адвагай”, — напісала Сіндзі Макейн.

Але сярод каментароў да словаў падтрымкі амерыканскіх палітыкаў былі і іранічныя. Так, адзін з карыстальнікаў спытаў, ці хопіць ва ўрада ўгнаенняў, каб “гэта дрэўца працягвала расці”. Гаворка ідзе пра падаражэнне азотных угнаенняў у сувязі з санкцыямі, накладзенымі на Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.