Вы тут

Дзярждума Расіі прыняла ў першым чытанні закон пра аўтаномны інтэрнэт

pixabay.com

Дэпутаты Дзярждумы Расіі прынялі ў першым чытанні законапраект пра аўтаномную працу расійскага сегмента інтэрнэту, калі яго адключаць ад глабальнага Сеціва ў рамках санкцый, піша "Новая газета"

Аўтары закона прапанавалі забяспечыць Расію інфраструктурай, неабходнай для аўтаномнай працы Рунэту, у тым ліку стварыць правілы маршрутызацыі трафіку і арганізацыі кантролю за іх выкананнем.

Згодна з дакументам, плануецца "скараціць" звесткі расіян, якія перадаюцца за мяжу. Таксама прадугледжваецца магчымасць усталяваць на сетках сувязі тэхнічныя сродкі, якія вызначаюць крыніцу перадаванага трафіку.

У федэральным бюджэце на 2019-2021 гады на гэтыя мэты закладзена 1,8 мільярда расійскіх рублёў. Адзін з аўтараў закона Андрэй Клішас паведаміў, што на яго выкананне спатрэбіцца больш за 20 мільярдаў расійскіх рублёў.

Урад рэкамендаваў Думе прыняць у першым чытанні гэты законапраект. Праўда, Кабмін адзначыў, што ў дакуменце не прапісана, якія менавіта існуюць пагрозы для "цэласнасці, устойлівасці і бяспекі функцыянавання" Рунэту і пры якіх умовах можа адбывацца цэнтралізаванае кіраванне сеткай сувязі агульнага карыстання. 

Гэты законапраект раскрытыкавала аўтаномная некамерцыйная арганізацыя "Лічбавая эканоміка", заснавальнікамі якой выступаюць ўрад, Ашчадбанк, "Сколкава", "Яндэкс", Mail.Ru Group і "Білайн". Эксперты мяркуюць, што палажэнні законапраекта могуць выклікаць рост нагрузкі на сеткавую інфраструктуру, парушэнне якасці злучэнняў і збоі ў нацыянальнай сістэме сувязі.