Вы тут

Дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся на 17,5% ці на 7,8 млрд

Гэтае павелічэнне адбылося ў канцы вясны ці ў пачатку лета / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Дзяржаўны доўг Беларусі з пачатку 2020 года павялічыўся на 17,5% ці на 7,8 млрд рублёў. На 1 ліпеня ён складаў 52,6 млрд рублёў, паведамляе прэс-служба Міністэрства фінансаў нашай краіны.

Што да знешняга дзярждоўгу, то ў пачатку гэтага месяца ён складаў 18 мільярдаў долараў ЗША. За першае паўгоддзе ён павялічыўся на $0,9 млрд ці на 5,3%. Гэтае павелічэнне адбылося ў канцы вясны ці ў пачатку лета, паколькі за першыя чатыры месяцы года знешні дзяржаўны доўг зменшыўся на $500 млн ці на 2,9%, на 1 траўня ён складаў 16 мільярдаў 600 мільёнаў долараў.

У студзені-чэрвені сёлета былі прыцягнуты знешнія дзяржаўныя пазыкі на суму 1 млрд 817,8 млн долараў (за першыя чатыры месяцы толькі каля $255 мільёнаў). Большую частку гэтых грошай, 1,3 млрд долараў, склалі аблігацыі, змешчаныя на знешніх фінансавых рынках. 362,3 млн долараў — гэта расійскія пазыкі, 41,4 млн долараў — кітайскія. У той жа перыяд на пагашэнне знешняга дзярждоўгу было выдаткавана больш за 786 млн долараў: найбольш у Расію — $343,4 млн, у Кітай — $209,4 млн.

Што да ўнутранага дзярждоўгу, то на 1 ліпеня ён складаў 9,3 млрд рублёў і павялічыўся на 6,4%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.