Дзяніс Дзянісаў: Частку грошай я раздаў, рэшту адкладваю са стыпендыі

Еўрарадыё здолела звязацца з 28-гадовым Дзянісам Дзянісавым, які зараз навучаецца ў Польшчы. Нагадаем, нядаўна ў Сеціве выклікала шырокі розгалас версія пра знікненне грашовага закладу, які вясной збіралі для Дзянісава людзі з усёй Беларусі, каб вызваліць яго з турмы. Малады чалавек мусіў вярнуць ахвярадаўцам гэтыя грошы (каля 7500 долараў), але вярнуў не ўсім. Нібыта, на яго напалі невядомыя і абрабавалі. Пра гэтую гісторыю паведамляла ўжо і Еўрарадыё.

У тэлефоннай размове, якая адбылася 16 кастрычніка, Дзянісаў паспрабаваў патлумачыць і гэтае здарэнне, і іншыя абставіны справы. Ён назваў большую частку інфармацыі, якая ў апошнія дні друкавалася на тэму залогавых грошай, скажонай. І вельмі шкадуе, што з ім адразу ніхто не звязаўся, а сам ён даведаўся пра скандал толькі праз два дні пасля яго пачатку.

Большую частку паспеў раздаць

Дзянісаў сцвярджае, што грошы з’явіліся летам (напрыканцы траўня была спыненая крымінальная справа супраць яго). Ён іх атрымаў у Мінску — 15 з паловай мільёнаў рублёў.

“Калі яны з’явіліся, я пачаў іх часткамі раздаваць”, кажа Дзянісаў. Паводле яго сцверджанняў, вяртаў грошы і арганізацыям-ахвярадаўцам, і прыватным асобам. Ад іх ніхто не адмаўляўся.

Паводле словаў Дзянісава, спіс ахвярадаўцаў ён атрымаў толькі 20 ліпеня (хоць і прасіў яго яшчэ вясной), а неўзабаве і адбылася бойка, падчас якой у яго скралі грошы. Але на той момант Дзяніс паспеў раздаць іх большую частку.

Пра тое, як у яго скралі грошы

Дзянісаў сцвярджае, што грошы ён страціў падчас бойкі ў раёне станцыі метро “Усход”. Здарэнне адбылося ў ліпені.

“Іх было трое, я біўся з двума хлопцамі, яшчэ адзін стаяў збоку, — распавядае Дзянісаў. — Увечары яны прычапіліся з-за апаскі “Вольная Беларусь” у мяне на рукаве… Звычайныя хлопцы гэта былі, п’яныя... Я не дзяўчынка, і ў мяне ў Мінску такіх боек было вельмі шмат. Розных. Але на гэты раз у іх былі пераўзыходныя сілы”.

Паводле словаў Дзянісава, невядомыя хлопцы забралі ў яго грошы, тую апошнюю частку, што ён меркаваў вярнуць ахвярадаўцам. Гэта больш за 2 мільёны рублёў. Заяву ў міліцыю Дзяніс Дзянісаў не насіў. Хоць і кажа, што сведкі гэтага здарэння былі.

Зараз ён адкладае грошы са стыпендыі

“Я ніколі не адмаўляўся, што вярну грошы”, — кажа Дзянісаў. З сітуацыі ён збіраецца выходзіць наступным чынам: “Ёсць стыпендыя, і я гэтыя грошы збіраю і неўзабаве збіраюся іх аддаваць. Аднак я зараз гэта не буду рабіць праз Жану Ямайкіну (менавіта яна вясной ініцыявала акцыю салідарнасці па зборы сродкаў для грашовага закладу — Еўрарадыё). У мяне зараз ёсць спіс, і я гэта буду рабіць прыватным парадкам”.

У Дзянісава адбылася “пераацэнка каштоўнасцяў”

“Больш за ўсё я не хачу шуміхі, — гаворыць Дзянісаў. — Менш за ўсё я хачу, каб пра мяне хтосьці нешта пісаў. Магчыма, вы заўважылі, што пасля турмы я асабліва нідзе не мільгацеў. Насамрэч, у мяне адбылася пераацэнка каштоўнасцяў. Гэта не значыць, што я ад нечага адвярнуўся, не. Проста суцішыліся нейкія мае амбіцыі…”

Ён сцвярджае, што расчараваўся ў большасці сваіх сяброў. “У гэтай сітуацыі праявіліся людзі, якія за спіной гаварылі адно, а ў вочы — іншае”, — кажа Дзянісаў. І гэта адзінае, што яго радуе.

Таксама ён прызнаўся, што “ўвесь час знаходзіць на сваю галаву нейкія прыгоды” і што яму “ўжо надакучыла апраўдвацца за гэта”.

Фота — fotaczka

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі