Вы тут

Дзмітрыя Кахно асудзілі за акцыю, якая прайшла, калі ён сядзеў на Акрэсціна

Дзмітрый Кахно / фота з фэйсбука тэлевядоўцы

Дзмітрыя Кахно пакаралі штрафам у 25 базавых велічынь (675 рублёў) за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Суд адбыўся ў чацвер, перадае TUT.BY.

Згодна з пратаколам, вечарам 11 верасня тэлевядоўца не падпарадкаваўся патрабаванню службовай асобы. Міліцыянт прасіў выйсці з машыны і прайсці ў РУУС для разбору "па падазрэнні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння". Пры гэтым хапаўся за крэсла аўтамабіля, упіраўся нагамі.

Пікантнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што тэлевядоўца супраціўляўся службовай асобе падчас акцыі 11 верасня, але ў гэты час ён знаходзіўся ў ЦІП на вуліцы Акрэсціна. Тэлевядоўца, як раней перадавала Еўрарадыё, быў затрыманы 2 верасня і асуджаны на 10 сутак арышту. Акрамя таго, Кахно і яго калегу Дзяніса Дудзінскага папрасілі затрымацца ў ЦІП на выходныя, такім чынам на волю ён выйшаў толькі 14 верасня.

"Мне здаецца, пратакол складзены правільна", — сказаў Кахно ў судзе.

Пазней ён прызнаўся, што штраф — найлепшы вынік у гэтай сітуацыі. У суд ён прыйшоў з торбай — на выпадак арышту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.